Эўразьвяз уводзіць санкцыі супраць 40 беларускіх афіцыйных асобаў

Саміт Эўразьвязу ў Брусэлі

Лідэры ЭЗ узгаднілі плян увядзеньня санкцый у дачыненьні да 40 асобаў, адказных за фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў і жорсткія рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў.

Падчас перамоваў на найвышэйшым узроўні, якія доўжыліся да ночы, кіраўнікі Эўразьвязу змаглі выйсьці з дыпляматычнага тупіка, створанага Кіпрам, і дамовіліся пра ўвядзеньне пакету санкцый супраць уладаў Беларусі.

«Мы сёньня прынялі рашэньне пра ўвядзеньне санкцый. Гэта вельмі важны сыгнал, які мы пасылаем. Заўтра яны будуць уведзеныя праз пісьмовую працэдуру», — заявіў старшыня Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль.

Пэрсанальна супраць Аляксандра Лукашэнкі санкцый не ўвялі, але могуць зрабіць гэта пазьней, сказалі эўрапейскія дыпляматы.

Як паведамляе з Брусэлю карэспандэнт Свабоды Рыкард Юзьвяк, у пятніцу пачынаецца працэдура пісьмовага афармленьня санкцый, а іх увядзеньне ў дзеяньне чакаецца у панядзелак, 5 кастрычніка.

Поўны тэкст пастановы саміту ЭЗ можна прачытаць тут.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праект пашырэньня Акту аб дэмакратыі ў Беларусі ўхвалены камітэтам замежных справаў Кангрэсу ЗША

Вялікая Брытанія і Канада ўжо ўвялі санкцыі супраць беларускіх урадоўцаў, у тым ліку Лукашэнкі.

Эўразьвяз не прызнаў афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і шосты прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнкі, а таксама асудзіў рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў і апазыцыі.

«Адказныя за рэпрэсіі супраць дэманстрантаў і апазыцыйных палітыкаў не застануцца беспакаранымі», — заявіла старшыня Эўрапейскай камісіі Урсуля фон дэр Ляен.

«Сьпіс патэнцыяльных санкцый супраць Беларусі быў падрыхтаваны рознымі палітычнымі групамі. Эўрапейская Рада прымае палітычнае рашэньне, і гэтая палітычнае рашэньне было прынятае сёньня. Гэта быў важны крок, паколькі ён можа быць уведзены ў жыцьцё неадкладна. Гэта цяпер больш тэхнічнае пытаньне, чым якое-небудзь іншае», — дадала фон дэр Ляен.

Раней увядзеньне санкцый блякаваў Кіпр. Ён патрабаваў адначасова ўвесьці санкцыі супраць Турэччыны, якая, на думку кіпрыётаў, парушае марскія межы і незаконна здабывае энэргетычныя рэсурсы ў Міжземнамор’і. Кіпр падтрымала і Грэцыя.

Цяпер лідэры Эўразьвязу дамовіліся выступіць з заявай у падтрымку Кіпру і Грэцыі, а таксама папярэдзіць Турэччыну пра ўвядзеньне санкцый, калі яна працягне рабіць сьвідравіны ў спрэчных водах. Да гэтага пытаньня Эўразьвяз вернецца ў сьнежні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы: ЭЗ павінен падрыхтаваць дапамогу Менску «на пэрыяд пасьля Лукашэнкі»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон лічыць, што Пуцін згодзен працаваць над рашэньнем крызісу ў Беларусі з прыцягненьнем АБСЭ