Праваслаўнаму сьвятару Аляксандру Богдану суд Ваўкавыскага раёну 30 верасьня даў папярэджаньне за ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве.
Бацюшка ўшанаваў памяць загінулага Канстанціна Шышмакова.
Як паведаміў БелаПАН дыякан Дзьмітры Паўлюкевіч, айца Аляксандра Богдана вінавацілі ў тым, што ён выгукваў лёзунгі. Бацюшка прынёс кветкі да музэю імя Баграціёна, дзе працаваў дырэктарам Канстанцін Шышмакоў. Урэшце суд даў яму папярэджаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька загінулага дырэктара Ваўкавыскага музэю: «Я бачыў усё. Нельга, каб такое здаралася з блізкімі»29-гадовы Канстанцін Шышмакоў зьнік увечары 15 жніўня. Пазваніў жонцы, сказаў, што ня будзе больш працаваць у музэі і што едзе дадому. Са словаў бацькі, Канстанцін адмовіўся падпісаць выніковы пратакол выбарчай камісіі 9 жніўня. Ягоны аўтамабіль знайшлі ў Мастоўскім раёне 18 жніўня, ягонае цела — у лесе побач. У Канстанціна засталася жонка і маленькая дачка.
Дыякан Дзьмітры Паўлюкевіч ведае айца Аляксандра Богдана з часоў сэмінарыі, жыў зь ім у адным пакоі. Ён мяркуе, што той ніколі бы ня стаў рабіць таго, у чым яго вінавацілі.
«Гэты чалавек — сапраўдны хрысьціянін. Увесь Ваўкавыск ведае яго як місіянэра, які прапаведаваў толькі Эвангельле. Бамжам, вызваленым зьняволеным, алькаголікам. Не для разавай навіновай карцінкі, а цягам многіх гадоў. Без фінансавай падтрымкі. Цьвёрда, упарта, мэтадычна», — выказаўся дыякан Дзьмітры Паўлюкевіч.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам тут яшчэ жыць, усе баяцца». У Ваўкавыску разьвіталіся з дырэктарам музэю, які зьнік пасьля выбараў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні прайшла жалобная акцыя памяці дырэктара ваўкавыскага музэю. ФОТА