Лукашэнка параіў «нясьпеламу» Макрону заняцца ўнутранымі справамі Францыі

Аляксандар Лукашэнка

Лукашэнка адказаў францускаму прэзыдэнту Эманюэлю Макрону на заклік добраахвотна пакінуць пасаду. Пра гэта ў нядзелю агенцтву БелТА паведаміла прэс-сакратар Лукашэнкі Натальля Эйсмант.

«Як вопытны палітык — нясьпеламу — хачу параіць спадару Макрону менш глядзець па баках і замест гэтага заняцца нарэшце ўнутранымі справамі Францыі. Хаця б пачаць вырашаць праблемы, якіх у краіне набралася нямала», — працытавала яна словы Лукашэнкі.

Эйсмант згадала пратэсты «жоўтых камізэлек», рух Black Lives Matter і мусульманскія пратэсты ў Марсэлі і Ліёне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Францыі аднавіліся пратэставыя акцыі «жоўтых камізэлек»

«І нарэшце, як чалавек хачу адзначыць, што, як здаецца нам тут, у Беларусі, Эманюэль Макрон занадта шмат увагі аддае аднаму з экс-кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі. З улікам таго, што гэты экс-кандыдат — дама, францускі лідэр рызыкуе да ўнутраных праблемаў Францыі атрымаць яшчэ і асабістыя — у сябе дома».

Пра тое, што Аляксандру Лукашэнку «​варта добраахвотна пакінуць пасаду»​, францускі лідэр заявіў у эксклюзіўным інтэрвію выданьню Le Journal du Dimanche, апублікаваным у нядзелю.

Свае думкі пра падзеі ў Беларусі Макрон выказаў напярэдадні свайго візыту ў Літву і Латвію, які пачынаецца сёньня.

«Гэта крызіс улады, аўтарытарнай улады, якая ня можа прыняць лёгіку дэмакратыі і спрабуе ўтрымацца пры дапамозе сілы. Відавочна, што Лукашэнка павінен сысьці», — перадае выданьне словы прэзыдэнта Францыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон заявіў, што Лукашэнку варта добраахвотна пакінуць прэзыдэнцкі пост