У Жодзіне за ўдзел у акцыі пратэсту будуць судзіць 75-гадовую кандыдатку навук 

Акцыя пратэсту ў Жодзіне, 26 жніўня

75-гадовая жыхарка Жодзіна, кандыдатка сельскагаспадарчых навук Іраіда Міско атрымала позву ў суд, піша Ex-Press.by.

Пасьля выбараў 9 жніўня адмыслоўца, якая больш за 40 гадоў займалася дасьледаваньнямі ў НДІ земляробства і расьлінаводзтва НАН Беларусі, разам зь іншымі гараджанамі выйшла на вуліцу, каб выказаць уласны пункт гледжаньня на тое, што адбываецца ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі гісторыка Андрэя Мацука, аднаго з найлепшых спэцыялістаў у гісторыі ВКЛ 

«Канстытуцыяй Беларусі кожнаму гарантуецца свабода думак, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне», — тлумачыць Іраіда Васілеўна Міско.

Але на практыцы ўсё выглядае інакш. За свой учынак яна мусіць пайсьці 28 верасьня ў Жодзінскі гарадзкі суд, куды супрацоўнікі Жодзінскага ГАУС ужо перадалі яе справу паводле арт. 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (удзел у незаконным масавым мерапрыемстве).