Прэзыдэнт Кіпру: Кіпр станоўча ставіцца да прыняцьця санкцый супраць беларускага рэжыму

Прэзыдэнт Кіпру Нікас Анастасіядыс

Кіпр падтрымлівае ідэю прыняцьця санкцый супраць Беларусі, але пры гэтым лічыць, што гэткі санкцыйны падыход мусіць прымяняцца і ў шэрагу іншых праблемаў.

Пра гэта прэзыдэнт Кіпру Нікас Анастасіядыс заявіў у інтэрвію газэце Le Figaro, апублікаваным у чацьвер. Прэзыдэнт адказваў на пытаньне, «ці Кіпр мае намер накласьці вэта на прыняцьце санкцый супраць Беларусі».

«Ні ў якім разе! Мы станоўча ставімся да ідэі санкцый у дачыненьні да Беларусі. Але пры гэтым мы выступаем за тое, каб прыняцьце санкцый насіла больш жорсткі характар па іншых дасье», — сказаў Нікас Анастасіядыс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіпр зноў заблякаваў санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі

«Кіпр настойвае на тым, каб не існавала выбарачнага падыходу да выпадкаў грубага парушэньня нормаў міжнароднага права. Мы ня хочам, каб у эўрапейскай сям’і ўмацаваўся дваісты падыход да праблемаў», — заявіў кіраўнік Рэспублікі Кіпр. «Мы чакаем ад саміту ЭЗ, прызначанага на 1 кастрычніка, дыпляматычных і палітычных рашэньняў па турэцкім дасье», — дадаў ён.

У панядзелак 21 верасня міністры замежных справаў 27 краінаў Эўразьвязу не змаглі ўзгадніць санкцыйны сьпіс афіцыйных асобаў Беларусі, бо дзяржавы ЭЗ не дасягнулі аднагалоснага рашэньня з прычыны пазыцыі Кіпру, які патрабуе санкцый супраць Турэыччыны за яе дзеяньні ў Міжземным моры. Пра гэта паведаміў вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль. Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ выказаў пры гэтым надзею, што санкцыі будуць прынятыя ў найбліжэйшы час.

Пазіцыя кіраўніка кіпрскага МЗС

Камэнтуючы вынікі пасяджэньня кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў ЭЗ у інтэрвію Euronews, фрагмэнт якога выкладзены на старонцы кіпрскага МЗС у Twitter, міністар замежных справаў Нікас Хрыстадулідыс сказаў, што «на неафіцыйнай Радзе ЭЗ у замежных справах у Бэрліне пасьля доўгіх дыскусіяў як аб Беларусі, так і аб супрацьзаконных дзеяньнях Турэччыны ў выключнай эканамічнай зоне Кіпру было вырашана, што прапановы, якія датычаць Беларусі, і прапанова, якую Рэспубліка Кіпр выставіла ў чэрвені пра санкцыі да Анкары, будуць дзейнічаць паралельна з мэтай іх неадкладнага прыняцьця».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як маленькі Кіпр тармозіць санкцыі ЭЗ адносна Беларусі

Таму, паводле Хрыстадулідыса, «відавочна, што Рэспубліка Кіпр падтрымлівае» санкцыі адносна Беларусі і «не падымае пытаньня аб накладаньні вэта на што-небудзь яшчэ, што тычыцца Беларусі».

Кіраўнік кіпрскага МЗС падкрэсьліў, што Нікасія «ніякім чынам не выступае супраць ужыцьця захадаў супраць рэжыму ў Беларусі, і насамрэч падчас дыскусіі Кіпр быў адной з краін, якая падтрымала прымяненьне сэктаральных санкцыяў у сувязі з усімі тымі падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі».