Зяленскі пра палітычны крызіс у Беларусі: Эўропу чакаюць сотні тысяч уцекачоў

Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прагназуе вялікую міграцыйную хвалю ў эўрапейскія краіны ў выпадку абвастрэньня палітычнага крызісу ў Беларусі.

«Крызіс закранае ня толькі суседнія зь Беларусьсю краіны. Падзеі там ужо маюць наступствы для Эўропы. Мы бачым, што ўзьнік найбольшы за ўсе гады незалежнасьці Беларусі палітычны крызіс. Гэта таксама зьвязана з эканамічнымі і сацыяльнымі крызісамі, якія насьпелі і маюць наступствы. Калі сцэнар будзе адмоўным, гэта будзе азначаць як мінімум сотні тысяч уцекачоў зь Беларусі ў эўрапейскія краіны», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію славацкаму эканамічнаму выданьню Hospodárske noviny.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Латушка: «Ад сёньня Лукашэнка больш не прэзыдэнт Беларусі, заклікаем пачаць акцыю непадпарадкаваньня»

Прэзыдэнт Украіны дадаў, што толькі новыя сумленныя выбары дазволяць пераадолець крызіс у Беларусі:

«Калі кандыдаты ўпэўненыя ў перамозе, тады няма чаго баяцца чарговых выбараў. Такімі мусяць быць дзеяньні ўлады, якая не баіцца свайго народу. Я таксама падкрэсьліваю, што павінен быць дыялёг з грамадзтвам, трэба пазьбягаць гвалту. Гэта дзеяньні ўлады, якая клапоціцца пра свой народ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяляцкі: Такой інаўгурацыяй Лукашэнка  спыняе свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы