Менскі гарадзкі суд пакінуў палітзьняволеных Марыю Калесьнікаву і Ільлю Салея пад вартай

Марыя Калесьнікава і Ільля Салей, 15 ліпеня 2020 году.

21 верасьня Менскі гарадзкі суд разглядаў скаргу абароны Марыі Калесьнікавай і Ільлі Салея на заключэньне пад варту.

Пасьля пасяджэньня, якое доўжылася больш за тры гадзіны, Менскі гарадзкі суд адмовіў у скарзе абароны Марыі Калесьнікавай на меру стрыманьня ў выглядзе арышту.

Пра гэта Свабодзе паведаміла адвакатка Марыі Калесьнікавай Людміла Казак.

«Прычыны не былі патлумачаныя судзьдзёй. Калі мы атрымаем пастанову, будзем далей яе абскарджваць у Вярхоўным судзе», — сказала Людміла Казак.

Марыя Калесьнікава ўдзельнічала ў пасяджэньні суду празь відэасувязь, дадала адвакатка:

«Яна выглядала цудоўна, была бадзёрая, вітала ўсіх. І ўсе ў залі адказалі ёй гучнымі аплядысмэнтамі, што не спадабалася судзьдзі».

У тым ліку яна вітала свайго бацьку Аляксея і заходніх амбасадараў і дыпляматаў, якія прыбылі на пасяджэньне і дачакаліся выраку. Дыпляматы мелі значкі «Свабоду палітвязьням».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заходнія амбасадары прыйшлі на суд паводле скаргі палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай. ФОТА

Паколькі суд не задаволіў скаргу, якую падала адвакатка Людміла Казак, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава застанецца ў СІЗА.

Заходнія дыпляматы на працэсе па скарзе Марыі Калесьнікавай, 21 верасьня.

Марыю Калесьнікаву затрымалі 8 верасьня падчас няўдалай спробы спэцслужбаў вывезьці яе ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежнікі ня мелі прэтэнзій да Калесьнікавай, але перадалі яе «ўпаўнаважаным асобам»

Падтрымаць Марыю Калесьнікаву, яе бацьку і іншага зьняволенага чальца рады Ільлю Салея ў суд прыйшлі сябры, калегі, аднадумцы, а таксама амбасадары і прадстаўнікі эўрапейскіх дыппрадстаўніцтваў.

Адвакатка Марыі Калесьнікавай Людміла Казак і бацька Марыі Аляксей Калесьнікаў у судзе.

Юрыст, сябра Каардынацыйнай рады Ільля Салей таксама застанецца за кратамі. Ягоную скаргу на ўтрыманьне пад вартай Менскі гарадзкі суд таксама не задаволіў.