Шматвэктарная палітыка больш не адпавядае задачам разьвіцьця Беларусі, — дэпутат Савіных

Дэпутат Андрэй Савіных

Замежнапалітычную дактрыну трэба адкарэктаваць, шматвектарная палітыка больш не адпавядае задачам разьвіцьця краіны, заявіў у камэнтары БелТА старшыня камісіі міжнародных спраў Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных.

«Ёсьць дастаткова падставаў сьцьвярджаць, што шматвэктарная палітыка ва ўмовах сутыкненьня геапалітычных праектаў, на фоне працэсу аб’яднаньня дзяржаў у макрарэгіёны і разбурэньня глябальнай гандлёвай і фінансавай сыстэмаў больш не забясьпечвае патрэбныя ўмовы для спрыяльнага разьвіцьця Беларусі. Бягучыя палітычныя падзеі павінны прапанаваць новую структуру замежнапалітычных прыярытэтаў», — заявіў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў ПАРЭ: Лукашэнка ня мае законных падставаў заставацца прэзыдэнтам Беларусі

Такім «вышэйшым прыярытэтам» для Беларусі, паводле Савіных, застаецца ўмацаванне палітычных, эканамічных і вайсковых адносінаў з Расейскай Фэдэрацыяй у рамках «саюзнай дзяржавы». Галоўная задача — уваходжаньне ў ядро Эўразійскага макрарэгіёну.

«Да прыярытэту гэтага ж узроўню трэба аднесьці разьвіцьцё стасункаў з краінамі Эўразійскага эканамічнага саюзу. А на пэрспэктыву лічу дарэчным ставіць агульную задачу паступовага пашырэньня гэтага аб’яднаньня як за кошт краін СНД, так і іншых краін Эўразіі. Мэта пашырэньня — стварэньне паўнавартаснага макрарэгіёну зь незалежнай фінансавай сыстэмай, самастойным рынкам і прадуманай сыстэмай падзелу працы», — падсумаваў Савіных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўчанка прапанаваў Мішусьціну «прадметна абмеркаваць далейшае разьвіцьцё „саюзнай дзяржавы“»

Што тычыцца адносінаў «з калектыўным Захадам», на думку Савіных, яны павінны ацэньвацца з гледзішча геапалітычных рызык, а акцэнт мусіць быць зроблены на гандлёва-эканамічным, лічбавым, навуковым і экалягічным узаемадзеяньні. «І ня больш», — падкрэсьліў дэпутат.