Рабочы Менскага трактарнага заводу і сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Сяргей Дылеўскі расказаў журналістам, што не пакідаў Беларусь і пасьля 25 сутак арышту хоча пабыць зь сям’ёй.
«Са мной усё ў парадку, я знаходжуся ў Беларусі. Пакуль не ўнікаў у інфармацыю пра тое, што цяпер адбываецца ў Каардынацыйнай радзе. Выконваю абяцаньне пабыць некалькі дзён зь сям'ёй», – цытуе Сяргея Дылеўскага расейскае агенцтва ТАСС.
Ён ды яшчэ пісьменьніца, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч – двое зь сямі чальцоў прэзыдыюму рады, якія не пакінулі Беларусь і застаюцца на волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Дылеўскі выйшаў на волю пасьля 25 сутак арыштуРабочы-тэрміст МТЗ Сяргей Дылеўскі адным зь першых далучыўся да агульнанацыянальнага страйку супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.
Дылеўскага і ягоную паплечніцу па Каардынацыйнай радзе Вольгу Кавалькову затрымалі 24 жніўня каля прахадной МТЗ і асудзілі на 10-дзённы адміністрацыйны арышт праз абвінавачаньне ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
Трэцяга верасьня тэрмін зьняволеньня заканчваўся і іх меліся вызваліць зь ЦІП на Акрэсьціна. Аднак замест гэтага зноў адвезьлі ў суд, дзе асудзілі на чарговыя 15 сутак за парушэньне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады пасьлядоўна выштурхоўваюць найбольш небясьпечных для рэжыму людзей за мяжуНеўзабаве Кавалькову прымусілі зьехаць з краіны, а Дылеўскага перавялі даседжваць тэрмін у Жодзіна.
Да таго Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу аб спробе захопу ўлады Каардынацыйнай радай. Сьледчыя спрабавалі дапытаць Дылеўскага: цікавіліся, хто ўваходзіць у асноўны склад, як ажыцьцяўляюцца кантакты зь людзьмі, якім чынам плянавалася праводзіць перадачу ўлады і г.д. Аднак ён адмовіўся даваць паказаньні, допыт праваліўся.