310 тысяч чалавек падтрымалі Каардынацыйную раду на плятформе «Голас»

Плятформа «Голас» набрала больш за 1 млн карыстальнікаў.

Інтэрнэт-плятформа «Голас», якая вяла паралельны падлік галасоў на выбарах 9 жніўня, цяпер зьбірае галасы ў падтрымку Каардынацыйнай рады як прадстаўнічага органа прыхільнікаў пераменаў.

Арганізатары кампаніі перакананыя, што ад глыбокага палітычнага крызісу краіну выратуе толькі дыялёг народа і ўладаў, для арганізацыі якога стваралася Каардынацыйная рада.

«Але рэжым адмаўляецца чуць людзей і перашкаджае нашай працы, працягвае адрывацца ад рэальнасьці і ўпэўнена вядзе Беларусь да прававога, эканамічнага і зьнешнепалітычнаму дэфолту»,— заявіла Сьвятлана Ціханоўская разам зь сябрамі прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Паўлам Латушкам і Вольгай Кавальковай.

Плятформа «Голас» заклікала беларусаў падтрымаць Каардынацыйную раду як асноўнага прадстаўніка беларускага грамадства, бо гэта можа паскорыць працэс пераменаў і дазволіць хутчэй сесьці за стол перамоваў. На гэты час на заклік адклікнулася 310 тысяч чалавек, пішуць арганізатары.

Спасылка на апытаньне ТУТ.