Міністар фінансаў Расеі раскрыў дэталі абяцанага Лукашэнку крэдыту

Міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў

Расея плянуе пазычыць Беларусі $1 млрд у 2020–2021 гадах і забясьпечыць, каб Менск атрымаў яшчэ $500 млн па лініі эўразійскага антыкрызіснага фонду. Пра гэта расказаў журналістам міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў, якога цытуе РБК.

Расея плянуе выдаць Беларусі рублёвы міждзяржаўны крэдыт эквівалентам $500 млн сёлета і яшчэ адзін такі ж крэдыт у 2021 годзе. Акрамя гэтага, Расея ініцыюе выдачу Беларусі валютнага крэдыту на $500 млн праз Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця (ЭФСР) у бягучым годзе, паведаміў Сілуанаў.

Такім чынам, да канца 2020 году Беларусь мае атрымаць $1 млрд, і яшчэ $500 млн — у наступным годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна, МУС заяўляе, што спыніў партызанку пад Магілёвам. Найважнейшае за 14 верасьня

Раней на гэтым тыдні, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі, што Расея дасьць Беларусі «ў гэты складаны момант дзяржаўны крэдыт $1,5 млрд». Цяпер Сілуанаў удакладніў, што непасрэдна расейскі ўрад пазычыць Менску агулам $1 млрд да канца наступнага году.

Канкрэтны тэрмін крэдытаў для Беларусі міністар не назваў, але «раней даўжыня крэдытаў у сярэднім складала дзесяць гадоў, і Расея будзе кіравацца гэтымі тэрмінамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяскоў: Лукашэнка не прасіў Пуціна аб пастаўках узбраеньня