Ціханоўская: «Лукашэнка, калі сыдзе мірна, атрымае гарантыі бясьпекі»

Сьвятлана Ціханоўская ў Варшаве, 9 верасьня 2020

На думку Сьвятланы Ціханоўскай, Аляксандар Лукашэнка мусіць атрымаць гарантыі бясьпекі ў выпадку ягонай згоды на перадачу ўлады і арганізацыю новых выбараў.

«Гэта ўсё можна абмяркоўваць. Вядома, калі мірна сыдзе, па-чалавечы, то такая магчымасьць ёсьць. Можна нават сказаць, упэўненасьць. Асабіста я павінна гаварыць за ўсіх людзей. І думка ўсіх людзей будзе ўлічвацца ў гэтым пытаньні», — сказала Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію ўкраінскаму інтэрнэт-выданьню lb.ua, адказваючы на пытаньне, ці будуць дадзеныя гарантыі бясьпекі Аляксандру Лукашэнку, калі ён сыдзе мірна.

На яшчэ адно ўдакладняльнае пытаньне, ці азначае гэтае яе выказваньне, што Лукашэнка атрымае гарантыі бясьпекі, яна адказала: «Так. Нават больш».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі палітоляг: Наўрад ці Крэмль стане спакойна глядзець, калі натоўп прыйдзе ў Дразды выганяць Лукашэнку

Сьвятлана Ціханоўская таксама дадала, што ў выпадку згоды Аляксандра Лукашэнкі на мірную перадачу ўлады кардынальных зьменаў у складзе ўраду не адбудзецца:

«Многія з тых, хто працуе цяпер ва ўрадзе, напэўна, знаходзяцца на сваім месцы. Гэта людзі прафэсійныя, яны ведаюць, як працаваць. Ад таго, што ў нас любая ініцыятыва спыняецца, ад таго, што ў нас сыстэма запалохваньня ў вэртыкалі ўлады, яны ня могуць выказаць сваю думку, працаваць так, як лічаць патрэбным, ня могуць пайсьці на дыялёг зь людзьмі, таму што гэта не вітаецца зьверху. Таму кардынальных перастановак ня будзе. Калі людзі хочуць працаваць, яны будуць працаваць. Толькі ўжо на карысьць беларусаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі б Пуцін заняў пазыцыю народу Беларусі, то быў бы нацыянальным героем», — Вераніка Цапкала

Сьвятлана Ціханоўская таксама падтрымала выказваньне Веранікі Цапкалы пра тое, што расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін можа стаць нацыянальным героем для Беларусі, калі ён падтрымае пазыцыю беларускага народу:

«Абсалютна. Так, гэта было б вельмі, вельмі мудрае рашэньне мудрага кіраўніка. Прынамсі, з пункту гледжаньня беларускага народу. Ды і расейскага таксама».