Гішпанія афіцыйна асудзіла рэжым Франка і забараніла «любыя спробы апраўдваць ці хваліць франкісцкую дыктатуру»

Генэрал Франсіска Франка выступае з прамовай у Більбао, 1939

Урад Гішпаніі прыняў 15 верасьня Закон дэмакратычнай памяці. Упершыню Гішпанія афіцыйна асуджае рэжым генэрала Франка і забараняе «любыя спробы апраўдваць ці хваліць франкісцкую дыктатуру 1936–1975 гадоў і яе дзеячоў».

Новае заканадаўства дапаўняе прынятае ў 2007 годзе рашэньне аб «дэфранкізацыі», згодна зь якімі вуліцы зьмянілі свае франкісцкія назвы на новыя, а помнікі і мэмарыяльныя дошкі, зьвязаныя зь дзеячамі былога рэжыму, былі зьнятыя, паведамляе «Нямецкая хваля».

Гішпанскі ўрад называе новы закон мерай «канчатковай дэфранкізацыі» Гішпаніі. Будуць зачыненыя грамадзкія арганізацыі з франкісцкімі назвамі. Перш за ўсё гаворка ідзе аб Нацыянальным фондзе імя Франсіска Франка, створаным у 1976 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гішпаніі адбываецца перапахаваньне парэшткаў Франка

Новы закон забараняе публічныя выступы прыхільнікаў дыктатуры і дэманстрацыю сымболікі франкісцкай эпохі.

Урад плянуе таксама скласьці сьпісы ўсіх ахвяраў дыктатуры і ідэнтыфікаваць парэшткі гэтых ахвяраў у брацкіх магілах. Будуць ліквідаваныя судовыя прысуды эпохі Франка і дваранскія званьні, якія дыктатар прысвоіў сваім набліжаным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цапкала: «Юрысты рыхтуюць дакумэнты для прыцягненьня Лукашэнкі да адказнасьці ў судзе ў Гаазе»