На нэўтральнай паласе паміж Беларусьсю і Ўкраінай застаюцца больш за 700 хасідаў. ФОТА, ВІДЭА

Сотні артадаксальных юдэяў — хасідаў, якія ехалі ва ўкраінскі горад Умань сьвяткаваць Новы год, застаюцца на нэўтральнай паласе паміж Беларусьсю і Ўкраінай. Украінскія ўлады не пускаюць іх на сваю тэрыторыю праз каранавірус.

З украінскага боку — узмоцненыя кардоны памежнікаў і вайсковая тэхніка. Зь беларускага — дзясяткі фур, рух якіх артадаксальныя юдэі пэўны час блякавалі.

Яны сьпяваюць і танцуюць. Чырвоны крыж забясьпечвае хасідаў вадой і ежай. Разам з вайскоўцамі беларускія валянтэры прывезьлі для паломнікаў ячную кашу з курыцай. Аднак хасіды не прызналі яе кашэрнай і ня сталі есьці.

З 28 жніўня Ўкраіна закрыла межы для іншаземцаў, бо выпадкаў каранавірусу паболела. Але многіх хасідаў ні закрытыя межы, ні іншыя перашкоды ня стрымліваюць. Яны спадзяюцца, што да Рош-ха-Шана (габрэйскага Новага году) усё ж трапяць ва Ўмань.

МЗС Украіны просіць беларускіх памежнікаў афармляць на пропуск толькі грамадзян Беларусі, а не іншаземцаў.

«З мэтай супрацьдзеяньня незаконнаму пранікненьню ва Ўкраіну груп іншаземцаў МЗС Украіны зьвярнулася да беларускага боку з просьбай не афармляць на ўезд ва Ўкраіну асобаў, якія не падпадаюць пад выключэньні», — гаворыцца ў заяве памежнага ўкраінскага ведамства.

Блізкі да прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул Первого» паведаміў, што Лукашэнка даў распараджэньне аказаць дапамогу паломнікам-хасідам, якія знаходзяцца ў Беларусі. Да іх сёньня прыяжджаў старшыня Гомельскага аблвыканкаму Генадзь Салавей.