Гарадзенку, якая сарвала маску з твару міліцыянта ў цывільным, пакаралі арыштам і штрафам

Жаночая акцыя ў Горадні 12 верасьня, Людміла Таранок.

Гарадзенку Людмілу Таранок асудзілі за тое, што яна сарвала з міліцыянта ў цывільным маску.

Як паведаміў ейны сын Міхал Шаўчэнка, за дробнае хуліганства і ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве маці асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту і 405 рублёў штрафу.

Жаночая акцыя праходзіла ў Горадні на прыступках унівэрмагу «Нёман» удзень 12 верасьня. Некалькі дзясяткаў дзяўчат і жанчын вадзілі карагоды, сьпявалі пратэставыя песьні, скандавалі лёзунгі: «Саджайце дрэвы, а не людзей», «Верым, можам, пераможам», «Жыве Беларусь».

Іх здымаў хлопец у цывільным. Людміла Таранок сьцягнула зь яго маску. Той адразу сышоў пад воклічы «Ганьба». Людмілу затрымалі ў яе дома ноччу пасьля здарэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я вельмі ганаруся сваёй маці». Гарадзенку, якая сарвала маску зь ціхара, затрымалі ноччу. Яна чакае суду ў ізалятары