Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я вельмі ганаруся сваёй маці». Гарадзенку, якая сарвала маску зь ціхара, затрымалі ноччу. Яна чакае суду ў ізалятары


Людміла Таранок

Гарадзенка Людміла Таранок падчас жаночай акцыі 12 верасьня зьняла зь міліцыянта ў цывільным маску. Цяпер яна чакае суду ў ізалятары. Сын Міхаэль Шаўчэнка расказаў пра сваю маці.

Жаночая акцыя праходзіла ў Горадні на прыступках унівэрмагу «Нёман» удзень 12 верасьня. Некалькі дзясяткаў дзяўчат і жанчын вадзілі карагоды, сьпявалі пратэставыя песьні, скандавалі лёзунгі: «Саджайце дрэвы, а не людзей», «Верым, можам, пераможам», «Жыве Беларусь». Іх здымаў хлопец у цывільным. Дзяўчаты засьпявалі: «Я всегда с собой беру видеокамеру».

Адна з удзельніц мірнага сходу падышла блізка да «ціхара», другая ў гэты момант падбегла і сьцягнула ў таго з твару маску. Апошняй была Людміла Таранок. «Ціхар» адразу сышоў з прыступак унівэрмагу пад крыкі жанчын «Ганьба».

Жаночая акцыя салідарнасьці ў Горадні, 12 верасьня
Жаночая акцыя салідарнасьці ў Горадні, 12 верасьня

Каля гадзіны ночы 13 верасьня Людмілу Таранок затрымалі дома разам з 20-гадовым сынам Уладам, павезьлі ў Ленінскі РАУС. Хлопца адпусьцілі ў 4 гадзіны ночы, а маці перавезьлі ў ізалятар.

Да гэтага міліцыянты пільнавалі жанчыну пад домам. Калі Ўлад позна ўвечары вярнуўся ў кватэру, міліцыянты без дазволу зайшлі за ім сьледам, цікавіліся, дзе маці. Тая была ў гасьцях. Хлопец ня ведаў, як сябе варта паводзіць у такой сытуацыі. Ён патэлефанаваў маці і перадаў словы міліцыянтаў, што тыя хочуць проста пагаварыць. Жанчына адразу вярнулася дахаты. Тады яе і затрымалі.

Як паведаміла МУС Беларусі ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале, супрацоўнік міліцыі ў цывільнай форме адзеньня «дакумэнтаваў супрацьпраўныя дзеяньні ўдзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства». На гарадзенку, якая сарвала мэдыцынскую маску з праваахоўніка, склалі адміністрацыйныя пратаколы за дробнае хуліганства і ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве.

Як расказаў сын затрыманай гарадзенкі Міхаэль Шаўчэнка, які цяпер жыве ў Нью-Ёрку, ягонай маці 50 гадоў. Яна шмат гадоў працуе тынкоўшчыцай на прадпрыемстве «Гроднапрамбуд», займаецца псыхалёгіяй. Яна вельмі крэатыўная і энэргічная жанчына.

Па словах сына, дагэтуль няма інфармацыі, калі будзе суд над маці, невядома, як яна сябе адчувае. Да суду ёй не дазваляюць нічога перадаць: ні вады, ні сродкаў гігіены.

«Я вельмі ганаруся сваёй маці, ейным моцным духам, грамадзянскай пазыцыяй і цалкам салідарны зь ёй і беларускім народам», — адзначыў Міхаэль.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG