Каля дому Ярмошынай дэманстрантаў закідалі сьвятлашумавымі гранатамі, — «Наша Ніва»

Ілюстрацыйнае фота

Паводле выданьня, гэта адбылося на вуліцы Ціхай у Драздах, калі ўдзельнікі дэманстрацыі адыходзілі ад дому старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.

Некалькі тысяч дэманстрантаў падышлі да дому Ярмошынай на вуліцы Ціхай, скандуючы: «Баба Ліда, мы на чай!». Яны пакінулі каля агароджы дому Ярмошынай плякаты і сымбалічныя падарункі, піша НН.

У тэлеграм-канале NEXTA ёсьць відэа, зробленае каля дому Ярмошынай, дзе дэманстранты скандуюць «Выдзі, палічы». Мяркуецца, што яго зьнялі перад акцыяў сілавікоў.

Калі людзі адыходзілі ад дому Ярмошынай і на Ціхай заставаліся некалькі соцень чалавек, з другога канца вуліцы прыехалі два бусы і зрабілі чатыры стрэлы ў кірунку дэманстрантаў. Тыя сталі адбягаць.

Паводле «Нашай Нівы», іншыя жыхары Драздоў адчынілі вароты сваіх двароў, каб дэманстранты маглі схавацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Наваполацку падчас сутыкненьня пратэстоўцаў зь міліцыяй пашкодзілі тры службовыя машыны