У палітвязьня Шклярава зламаны палец і высокая тэмпэратура, падазрэньне на каранавірус

Паліттэхноляг Віталь Шкляраў

У паліттэхноляга Віталя Шклярава, які ўжо паўтара месяца знаходзіцца ў менскім СІЗА, некалькі дзён трымаецца высокая тэмпэратура і кашаль. Ёсьць падазрэньне на каранавірус, піша расейская «Новая газета». аўтарам якой Шкляраў зьяўляецца. ​

Пра гэта паведаміў адвакат Антон Гашынскі. Зь яго словаў, нягледзячы на тэмпэратуру, вышэйшую за 39 градусаў, 8 верасьня Віталю Шкляраву адмовіліся зрабіць тэст на каранавірус і флюараграфію. Лекара выклікалі толькі тады, калі тэмпэратура дасягнула крытычнай адзнакі, але далі толькі ібупрафэн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліттэхноляг Шкляраў напісаў з турмы ліст пра сына

Акрамя таго, у вязьня зламаны палец, але ён адмаўляецца расказаць, як гэта адбылося, і моцна напалоханы, падкрэсьлівае Гашынскі.

Ён наведваў СІЗА 11 верасьня, але Шклярава да яго ня вывелі. Тады адвакат зьвярнуўся да начальніка мэдычнай часткі з патрабаваньнем наведаць падабароннага ў камэры і асабіста правесьці агляд.

Віталя Шклярава затрымалі 29 ліпеня ў Менску. Прэтэнзіі праваахоўнікаў выклікала тое, што ён нібыта дапамагаў блогеру Сяргею Ціханоўскаму, калі той спрабаваў вылучыцца кандыдатам у прэзыдэнты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліттэхнолягу Шкляраву выставілі абвінавачаньне. Артыкул той жа, што і ў фігурантаў «справы Ціханоўскага»

7 жніўня паліттэхнолягу выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 КК «Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаныя зь яўным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады».

Артыкул прадугледжвае пакараньне да 3 гадоў пазбаўленьня волі.

Віталь Шкляраў мае амэрыканскае грамадзянства, і ЗША патрабуюць ягонага вызваленьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША: Нашы асноўныя патрабаваньні — неадкладна вызваліць затрыманых і спыніць гвалт супраць пратэстоўцаў