Беларусы забралі з валютных дэпазытаў амаль 2,5 мільярда даляраў 

Нацыянальны банк Беларусі апублікаваў статыстыку рублёвых і валютных дэпазытаў па выніках жніўня. Як адзначае рэсурс Banki24, некаторыя зьмены беспрэцэдэнтныя.

У жніўні адбылося падзеньне курсу рубля, якое прывяло да рэкорднага абвалу золатавалютных рэзэрваў. Радыкальныя зрухі адбыліся і на рынку дэпазытаў прадпрыемстваў і насельніцтва.

У тэрміналёгіі Нацбанку дэпазыты бываюць пераводныя і іншыя. Першыя — гэта рэшта на карт-рахунках грамадзянаў, разьліковых рахунках прадпрыемстваў і іншых інструмэнтаў ашчаджэньня да запатрабаваньня. Астатнія — уклады, разьмешчаныя на пэўны тэрмін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рублёвыя ўклады беларусаў скараціліся на фоне пандэміі і аслабленьня нацыянальнай валюты 

Днямі апублікаваныя адказы чальцоў праўленьня Нацбанку Дзьмітрыя Мурына і Дзяніса Гарагляда. Яны пацьвердзілі, што ў жніўні сфармаваўся «падвышаны, у некаторыя дні нават ажыятажны попыт на валюту».

Да сярэдзіны апошняй дэкады жніўня попыт на валюту з боку насельніцтва пастаянна павялічваўся, затым падключыліся і юрыдычныя асобы. Для гэтага выкарыстоўваліся рублёвыя дэпазыты.
За жнівень у параўнаньні зь ліпенем рэшта на рублёвых дэпазытах прадпрыемстваў скараціліся больш як на 1 мільярд рублёў. Што тычыцца рублёвых дэпазытаў насельніцтва, то гэты паказьнік зьменшыўся амаль на 170 мільёнаў рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падкантрольны дзяржаве «Белінвэстбанк» спыніў выдачу крэдытаў насельніцтву. Гэта ўжо восьмы такі банк

У жніўні фізычныя асобы зьнізілі рэшту на ўсіх відах валютных дэпазытаў на 226 мільёнаў даляраў. Іншыя дэпазыты ў валюце ад моманту дасягненьня імі максімальнага аб’ёму (у кастрычніку 2015-га) скараціліся амаль на 2,5 мільярда даляраў.

Гэта значыць, амаль 5 гадоў у насельніцтва не адбываецца ніякага назапашваньня багацьця. Беларусы толькі трацяць грошы, адкладзеныя на чорны дзень.