«Не да законаў». Лукашэнка загадаў жорстка разабрацца з «арганізатарамі і агітатарамі каардынацыйных радаў»

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка, прадстаўляючы новага генэральнага пракурора Андрэя Шведа, загадаў прыняць больш вострыя захады да арганізатараў і агітатараў «каардынацыйных радаў».

«Усялякія там каардынацыйныя рады, іншыя арганізацыі.... Канстытуцыйны суд і генэральны пракурор у свой час далі ацэнку гэтым каардынацыйным радам. Але вы павінны даваць ня толькі прававую ацэнку дзеяньням арганізатараў і агітатараў, а і прымаць больш магутныя, вострыя меры пракурорскага рэагаваньня на падобныя дзеяньні», — цытуе Лукашэнку БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Мяне часта папракаюць у тым, што „ўладу ён не аддасьць“. Правільна папракаюць»

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, ён «не трымаецца за ўладу пасінелымі рукамі дзеля сябе», але калі чыніцца «практычна нахабная інтэрвэнцыя звонку», не да законаў, трэба рабіць жорсткія захады, каб спыніць усялякую «дрэнь», якая на гэта прэтэндуе.

Усе чальцы прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, за выключэньнем ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі Сьвятланы Алексіевіч, арыштаваныя або ў вымушанай эміграцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт: Калесьнікаву, Знака і Салея падазраюць у закліках да захопу ўлады