«Беларускае грамадзтва ўжо ня спыніцца», — лідэр польскай «Салідарнасьці» прыбыў зь візытам у Менск 

Мітынгі часоў "Салідарнасьці" у Польшчы,1982 год

Старшыня незалежнага прафсаюзу Польшчы «Салідарнасьць» Пётар Дуда прыляцеў у Менск на запрашэньне кіраўніка Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука.

Да апошняга былі асьцярогі, ці пусьцяць Пятра Дуду ў Беларусь, некаторыя адгаворвалі яго ад візыту, але ён не паддаўся. Пётар Дуда пачаў свой візыт з ускладаньня кветак да народнага мэмарыялу забітага пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага каля станцыі мэтро «Пушкінская» ў Менску.

Пётар Дуда ўжо правёў сустрэчу з прадстаўнікамі амбасады Польшчы ў Менску і Аляксандрам Ярашуком. Падчас гутаркі абмяркоўвалася тэма палітычнага крызісу ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 40 гадоў «Салідарнасьці». Навука пасьпяховага польскага супраціву таталітарнай сыстэме для сьвету і для Беларусі

У інтэрвію Радыё Свабода свой візыт Пётар Дуда назваў сымбалічным, бо 40 гадоў таму ў Польшчы зьявіўся незалежны прафсаюз «Салідарнасьць», а цяпер, таксама ў жніўні, у Беларусі паўстаў масавы рух за перамены.

«Для мяне вялікі гонар прыехаць у час гістарычных падзей у Беларусі. Беларускае грамадзтва абудзілася, арганізуецца, і яно ўжо ня спыніцца. Гэтак было ў Польшчы, але мы чакалі свабоды яшчэ 9 гадоў пасьля зьяўленьня «Салідарнасьці», — нагадаў ён.

Пётар Дуда заявіў, што, на ягоную думку, сытуацыя настолькі кепская для рэжыму Лукашэнкі, што той выводзіць на вуліцу ня толькі міліцыю, але і армію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Народ мае права сябе абараняць». Ці могуць рабочыя страйкаваць законна?

У сваю чаргу, Аляксандар Ярашук заявіў:

«Гэты візыт азначае больш, чым любы ліст падтрымкі, якія мы цяпер атрымліваем у вялікай колькасьці. Гэта выключная падзея для працоўных Беларусі, якія змагаюцца за тое, каб узнавіць у нас свабоду. Мы вельмі ўдзячныя, што ў такой сытуацыі ён адклаў усе справы і прыехаў да нас», — сказаў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.