У Беларусі 6 новых палітзьняволеных, гэта прадстаўнікі бізнэсу

Лілія Ўласава папоўніла сьпісы беларускіх палітвязьняў

Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасьці прызналі палітвязьнямі шэраг прадстаўнікоў бізнэсу, затрыманых з палітычных прычынаў.

28 жніўня прадстаўнікамі ДФР быў затрыманы сузаснавальнік онлайн-выданьняў kyky.org і The Village Беларусь, уладальнік агенцтва Vondel/Hepta і прасторы «Галерэя Ў» Аляксандар Васілевіч. Перад гэтым у ягонай кватэры і ў офісах былі праведзеныя ператрусы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уласьніку галерэі «Ў» і яго цяжарнай жонцы прад’явілі абвінавачаньне

За месяц да таго Васілевіча ўжо затрымлівалі ў КГБ, куды ён прынёс хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня Віктару Бабарыку. Суд Фрунзэнскага раёну Менска асудзіў яго на 14 сутак. 4 верасьня бізнэсоўцу прад’явілі новае абвінававаньне па невядомым пакуль артыкуле, ён знаходзіцца пад вартай у СІЗА № 1.

31 жніўня затрыманая сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, юрыстка і міжнародны мэдыятар Лілія Ўласава. На яе завялі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад падаткаў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць сябра Каардынацыйнай рады Ліліі Ўласавай завялі крымінальную справу

2 верасьня ў менскім офісе кампаніі PandaDoc адбыліся ператрусы. Чацьвёра супрацоўнікаў — Юлія Шардыка, Дзьмітры Рабцэвіч, Віктар Куўшынаў, Уладзіслаў Міхалоп — затрымалі і ўзялі пад варту ў якасьці падазраваных паводле ч. 4 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжываньня службовым становішчам).

На падставе палітычна матываванага перасьледу прадстаўнікі беларускіх праваабрончых арганізацыяй прызналі Аляксандра Васілевіча, Лілію Ўласаву, Юлію Шардыку, Дзьмітрыя Рабцэвіча, Віктара Куўшынава і Ўладзіслава Міхалопа палітычнымі зьняволенымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры топ-мэнэджэры IT-кампаніі PandaDoc арыштаваныя ў Менску, кампанія заяўляе пра помсту ўладаў. ВІДЭА

Раней палітзьняволенымі былі названыя 49 прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, цяпер гэтая колькасьць дасягнула 55.