Як Кавалькова з ізалятара трапіла ў Польшчу? Вэрсія МУС — «вызвалілі па стане здароўя»

Вольга Кавалькова, архіўнае фота

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову адпусьцілі з ізалятара на лячэньне, паведамілі ў МУС Беларусі карэспандэнту «Интерфакс-Запад».

«Кавалькову адпусьцілі з ЦІП на Акрэсьціна праз стан здароўя», — сказалі ў Міністэрстве ўнутраных спраў.

У канцы жніўня Кавалькову арыштавалі на 10 сутак за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі. 3 верасьня, ня выпусьціўшы з-за кратаў, асудзілі яшчэ на 15 сутак.

«Пасьля суду Кавалькову зьмясьцілі зноў у ЦІП. Аднак там яна заявіла пра тое, што ёй патрэбна лячэньне», — сказалі ў МУС.

5 верасьня на прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве Вольга Кавалькова сказала, што пакінула Беларусь не па сваёй волі.

«Калі я знаходзілася за кратамі, то да мяне прыйшлі прадстаўнікі ўлады і сказалі, што калі я ня выеду, калі застануся ў краіне, то я вельмі доўга ня выйду з турмы. Яны прыехалі да мяне ў ізалятар, пасадзілі ў сваю машыну, надзелі капюшон, далі маску, паклалі на задняе сядзеньне і вывезьлі з ізалятара».

Паводле Вольгі Кавальковай, яе давезьлі да памежнага пераходу ў Брузгах каля Горадні, там яна праходзіла пашпартны кантроль.

«Яны (прадстаўнікі ўлады. — РС) перавезьлі мае рэчы празь мяжу і на нэўтральнай тэрыторыі прапанавалі мне выклікаць таксоўку. Але ехаў аўтобус на Варшаву, і польскія памежнікі папрасілі польскага кіроўцу, каб ён мяне падвёз».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Надзелі капюшон, далі маску і паклалі на задняе сядзеньне». Кавалькова расказала, як яе вывозілі зь Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Давераная асоба Ціханоўскай: Кандыдатку вывезьлі з краіны беларускія ўлады разам з начальніцай штабу Марыяй Мароз