«Кібэрпартызаны» атакавалі сайты гандлёва-прамысловай палаты і «Белай Русі»

Сёньня перасталі працаваць сайты Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і грамадзкага аб’яднання «Белая Русь».

Пра гэта паведаміла «Наша ніва». Перад гэтым у сацыяльных сетках зʼявіўся скрыншот галоўнай старонкі сайта БГПП са змешчаным на ім зваротам «кіберпартызанаў Беларусі».

Сайты абедзьвюх арганізацыяў не адкрываюцца дагэтуль. Учора аналягічная атака адбылася на сайт МУС. Хакеры ў сьпіс асобаў, якія расшукваюцца, дадалі кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку і міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева.