Кіраўнік МЗС Нямеччыны: Калі Лукашэнка не адрэагуе на патрабаваньні Эўразьвязу, то санкцыі супраць Менску пашырацца

Гайка Маас

Пра гэта 5 верасьня заявіў міністар замежных справаў Нямеччыны Гайка Маас.

«Як Эўразьвяз, мы не прызнаем выбары (у Беларусі. — РС) і прынялі рашэньне аб санкцыях. Цяпер мы гэта рэалізуем. Калі Лукашэнка не адрэагуе, будуць дадатковыя санкцыі», — сказаў Маас выданьню Bild am Sonntag.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ЭЗ дазволіць дыктатару зь Менску выйсьці сухім з вады». Міжнародная прэса пра Беларусь

Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Нямеччыны падкрэсьліў, што Лукашэнка павінен «нарэшце быць гатовы да дыялёгу», і дадаў:

«Я патрабую, каб Лукашэнка правёў перамовы з апазыцыяй, паўтарыў выбары, спыніў неадкладна затрыманьні і жорсткае абыходжаньне зь мірнымі дэманстрантамі, каб ён паважаў правы чалавека і свабоду прэсы».