«Гэта трызьненьне». МЗС Украіны абвергла заяву Лаўрова пра ўкраінскіх экстрэмістаў, нібыта накіраваных у Беларусь

Дзьмітро Кулеба, міністар замежных спраў Украіны.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба абверг выказваньні кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова пра тое, што радыкальныя дзеяньні падчас дэманстрацыяў у Беларусі нібыта правакуюцца і фінансуюцца з тэрыторыі Ўкраіны.

Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.

«Ня хочацца нават камэнтаваць гэтае трызьненьне. Але ў рамках барацьбы з расейскай дэзынфармацыяй літаральна пяць тэзісаў па тэме:

  • 1. 200 украінскіх экстрэмістаў, якіх Украіна нібыта накіравала ў Беларусь для дэстабілізацыі сытуацыі, і лягеры па падрыхтоўцы экстрэмістаў ва Ўкраіне зьяўляюцца плодам хваравітай фантазіі тых, хто даў такія дадзеныя майму расейскаму калегу Сяргею Лаўрову.
  • 2. Украіна не вяла, не вядзе і ня будзе весьці ніякай падрыўной дзейнасьці супраць Беларусі.
  • 3. Расея, наадварот заяўляе, што ўжо накіравала некаторых сваіх „спэцыялістаў“ у Беларусь і гатовая накіраваць іх яшчэ больш», — напісаў Кулеба на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
  • 4. Спробы Расеі прадставіць сваіх «зялёных чалавечкаў» у Беларусі як украінскіх экстрэмістаў — «гэта танны і пройгрышны трук».
  • «Як кажа прыказка: «злодзей крычыць — трымайце злодзея», — падсумаваў Кулеба.

Сяргей Лаўроў і Ўладзімер Макей, Масква, 2 верасьня 2020

Раней 2 верасьня Лаўроў на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве па выніках перамоваў са сваім беларускім калегам Уладзімерам Макеем заявіў, што радыкальныя дзеяньні падчас дэманстрацыяў у Беларусі правакуюцца і фінансуюцца з тэрыторыі Ўкраіны.

«Ёсьць пацьверджаныя зьвесткі, што падобная дзейнасьць вядзецца з тэрыторыі Ўкраіны. Там ёсьць і „Трызуб“, і С14, ёсьць Нацыянальны корпус, ёсьць Правы сэктар. Усе гэтыя структуры актыўна займаюцца правакаваньнем радыкальных дзеяньняў у Менску і іншых гарадах Беларусі, фінансуючы адпаведныя мерапрыемствы, падбухторваючы тых, каго яны лічаць пэрспэктыўнымі экстрэмісцкімі лідэрамі, да таго, каб яны ўносілі сілавыя элемэнты ў тое, што адбываецца падчас дэманстрацыяў у беларускай сталіцы», — сказаў Лаўроў.

Ён працягнуў: «Ва Ўкраіне ёсьць лягеры падрыхтоўкі такіх экстрэмістаў, паводле нашых дадзеных, у Валынскай вобласьці, у Днепрапятроўскай вобласьці, — і мы сёньня гэта абмяркоўвалі, я ўпэўнены, што нашыя спэцслужбы павінны гэтым займацца больш прадметна, яны ў кантакце знаходзяцца, — па нашых ацэнках, каля 200 экстрэмістаў, натрэніраваных на ўкраінскай тэрыторыі, цяпер знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь».

Ніякіх экстрэмісцкіх праяваў падчас мітынгаў у розных гарадах Беларусі не зафіксавана, пратэсты носяць мірны характар.