Стала вядомая прычына ператрусу ў доме сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Ліліі Ўласавай

Лілія Ўласава

У пастанове на ператрус у доме юрыста Ліліі Ўласавай пазначана, што сьледчыя дзеяньні праводзяцца ў рамках расьсьледаваньня падатковых парушэньняў, дапушчаных фірмамі «Мерлинтур» і «ПолетКонсалт», паведамляе прэс-служба Каардынацыйнай рады.

Адзін з асноўных заснавальнікаў гэтых кампаній — старэйшы сын Ліліі Ўласавай Барыс. Абедзьве фірмы існуюць і працуюць не адзін дзясятак гадоў, неаднаразова праходзілі падатковыя і іншыя праверкі. Беларуска-францускае сумеснае прадпрыемства «Мерлинтур» — адна з найстарэйшых турыстычных фірмаў Беларусі.

Таксама ад Барыса Ўласава стала вядома, што ў офісах і дамах супрацоўнікаў правялі ператрусы, гендырэктарку фірмы «Мерлинтур» таксама затрымалі, канфіскавалі абсталяваньне, што робіць немагчымым паўнавартаснае функцыянаваньне кампаніі і абслугоўваньне кліентаў.

Барыс Уласаў разглядае тое, што адбываецца, як узяцьце бізнэсу і супрацоўнікаў у закладнікі дзеля ціску на ягоную маці Лілію Ўласаву.

Афіцыйныя абвінавачаньні Ліліі Ўласавай не прад’яўленыя. У Каардынацыйнай радзе мяркуюць, што яе затрыманьне, верагодна, зьвязанае зь дзейнасьцю ў рамках Рады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі сябру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Лілію Ўласаву. У яе доме прайшоў ператрус

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Лілію Ўласаву затрымалі 31 жніўня супрацоўнікі дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю. Перад гэтым у яе доме прайшоў ператрус, забралі жорсткі дыск кампутара Ўласавай, ноўтбук яе мужа і некалькі флэшак.

Каля 21:00 31 жніўня адвакат паведаміў мужу, што Ўласаву затрымліваюць на 72 гадзіны, па заканчэньні якіх павінна быць прынята рашэньне аб меры стрыманьня. У якім яна статусе, пакуль невядома: адвакат даў падпіску аб неразгалошваньні.

Ліліі Ўласавай 67 год. Яна кандыдат юрыдычных навук, заснавала ў 1990 годзе адну зь першых юрыдычных практык у Беларусі, якая цяпер называецца «Ўласава, Міхель і Партнэры». Яна заснавальніца мэдыяцыі (адна з тэхналёгій альтэрнатыўнага ўрэгуляваньня спрэчак, без адвакатаў і судоў) у Беларусі. Мае найвышэйшую прэмію Саюзу юрыстаў Беларусі ў намінацыі «За ўклад у разьвіцьцё мэдыяцыі». Партал «Ежедневник» уключаў Уласаву ў сьпіс 25 самых пасьпяховых і ўплывовых жанчын у гісторыі бізнэсу Беларусі.

Шасьцёх сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады ўжо дапыталі ў Сьледчым камітэце (Максім Знак, Сяргей Дылеўскі, Павал Латушка, Лілія Ўласава, Сьвятлана Алексіевіч, Марыя Калесьнікава).

Яшчэ дваім сябрам прэзыдыюму — Сяргею Дылеўскаму і Вользе Кавальковай — 25 жніўня прысудзілі па 10 дзён арышту за парушэньне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяброў Каардынацыйнай рады Кавалькову і Дылеўскага перавялі ў жодзінскую турму

Штаб Сьвятланы Ціханоўскай 15 жніўня пачаў фармаваць Каардынацыйную раду. Гэта пашыраная працоўная група прадстаўнікоў грамадзтва, якая мае абмеркаваць і выпрацаваць бясьпечныя і стабільныя мэханізмы забесьпячэньня пераходу ўлады.

Аляксандар Лукашэнка 18 жніўня назваў Каардынацыйную раду Ціханоўскай спробаю захопу ўлады, пасьля чаго Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу за заклікі да захопу ўлады.