Факты гавораць, што адбываецца перасьлед Касьцёла,— каталіцкі герарх адказаў Лукашэнку 

Біскуп Юры Касабуцкі і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч «улез у палітыку» — нібыта выяжджаў у Варшаву, дзе атрымаў «пэўныя задачы». Акрамя таго, паводле Лукашэнкі, правяраецца наяўнасьць у яго некалькіх грамадзянстваў.

Генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юры Касабуцкі ў інтэрвію Catholic.by даў ацэнку сытуацыі вакол Касьцёла ў Беларусі.

«Сытуацыя сапраўды ненармальная. Відавочна, што на Касьцёл спрабуюць аказваць ціск, а значыць, адбываецца перасьлед Касьцёла, хоць пра гэта ніхто адкрыта ня кажа. Зрэшты, і ў савецкія часы змаганьня зь верай і Касьцёлам ніхто адкрыта не казаў пра перасьлед, хоць ён быў вельмі жорсткі. Пра тое, што сытуацыя цяпер падобная, гавораць факты», — адзначыў Касабуцкі.

«Усе заявы арцыбіскупа Кандрусевіча знаходзяцца ў адкрытым доступе, кожны іх можа прачытаць і зрабіць высновы. Прадстаўнікі Касьцёла, перадусім біскупы, маюць права і абавязак ня быць абыякавымі да таго, што адбываецца ў грамадзтве, асабліва ў такой сытуацыі, якая сёньня склалася. Гэта ўжо не палітыка, гэта — сапраўдны гуманітарны крызіс, які пагражае стаць катастрофай, калі нічога не рабіць», — адзначыў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ўлез у палітыку і пацягнуў за сабой вернікаў, двайная адказнасьць»,— Лукашэнка пра «неўязнога» Кандрусевіча 

Паводле Юрыя Касабуцкага, выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра палітыку, «у якую ўлез Кандрусевіч», абсалютна надуманыя. Па яго словах, мітрапаліт не падтрымліваў нікога з кандыдатаў да выбараў і пасьля іх, не рабіў ніякіх палітычных заяваў, а толькі заклікаў да сумленнасьці, адказнага падыходу і спыненьня гвалту.

«Усе ягоныя дзеяньні і выказваньні знаходзяцца ў межах сацыяльнага вучэньня Каталіцкага Касьцёла і дзейнага заканадаўства Беларусі. Гэта перадусім маральныя аспэкты грамадзкага жыцьця, хрысьціянскія і агульначалавечыя каштоўнасьці, адыход ад якіх становіцца прычынай крызісу ў грамадзтве. Мне здаецца, Лукашэнку недастаткова добра інфармавалі. Арцыбіскуп можа выяжджаць для кансультацый у Ватыкан і атрымліваць задачы ад Папы Францішка, але не ад кагосьці іншага, напрыклад, у Варшаве, Маскве ці дзесьці яшчэ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нядопуск мітрапаліта Кандрусевіча ў Беларусь. Што напісана ў законах, што гавораць Лукашэнка і іншыя чыноўнікі

Юры Касабуцкі ўдакладніў, што паездка Тадэвуша Кандрусевіча ў Польшчу зьвязаная перадусім з тым, што арцыбіскупа запрасілі ўзяць удзел ва ўрачыстых набажэнствах. Да гэтага ў жніўні ён узначальваў аналягічныя службы ў Браславе, Менску, Горадні, адкуль выехаў у Польшчу. У нядзелю ён плянаваў маліцца ў Заслаўі разам зь вернікамі, якія адзначаюць 600-годзьдзе сваёй парафіі.

Пры канцы Юры Касабуцкі запэўніў, што ў Тадэвуша Кандрусевіча толькі адно грамадзянства — беларускае. А значыць, згодна з законам, яго права на ўезд ня можа быць ніякім чынам абмежавана.