«Беларусбанк» спыніў выдачу новых крэдытаў на куплю кватэр і машын

«Беларусбанк» зьмяняе ўмовы крэдытаваньня для фізычных асобаў, паведамляе сайт фінансавай установы.

Найперш гэта тычыцца павелічэньня тэрмінаў разгляду заявак з 5 да 15 дзён, а таксама прыпыненьня прыёму новых просьбаў аб пазыках на нерухомасьць і аўта, а таксама спажывецкіх крэдытаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скончыліся грошы? Банкі прыпыняюць выдачу крэдытаў

У прыватнасьці, ад 1 верасьня прыпыняецца прыём новых заявак на фінансаваньне нерухомасьці, на спажывецкія патрэбы тэрмінам да 5 гадоў; крэдытаў на набыцьцё аўтамабіляў Geely са стаўкай 3,9% гадавых.

Пры гэтым застаюцца даступнымі крэдыты на будаўніцтва або набыцьцё жытла з субсыдаваньнем у рамках указу № 240, спажывецкія крэдыты на 1-3 гады ў рамках крэдытнага канструктара і пазыкі на аплату навучаньня. Таксама можна ўзяць крэдыт на аўтамабіль Geely са стаўкай 7,7% гадавых.