Паўлу Севярынцу выставілі абвінавачваньне ва ўдзеле ў беспарадках і працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай

Павел Севярынец, архіўнае фота

Паўлу Севярынцу выставілі абвінавачваньне ва ўдзеле ў беспарадках паводле крымінальнага артыкула 293.2. Палітыку на 2 месяцы працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай. Пра гэта напісала жонка палітыка Вольга Севярынец на сваёй старонцы ў Facebook.

«Захапляюся мужнасьцю, мудрасьцю і вытрымкай беларускага народа. Дзякую Богу за тое, што Царква выйшла за праўду і справядлівасьць. Веру, што Беларусь будзе вольнай», – перадала словы Севярынца жонка.

Павал Севярынец знаходзіцца за кратамі з 7 чэрвеня, яго прызналі палітвязьнем. З 20 жніўня сустаршыня БХД Павал Севярынец знаходзіцца ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага.