Віцебскую блогерку Алену Янушкоўскую затрымалі за «пікет на гаўбцы»

Алена Янушкоўская, архіўнае фота

Блогерку Алену Янушкоўскую (удзельніцу праекту «Страна для жизни») забралі 31 жніўня з дома яе дачкі Юліі Ўласенкі, якая жыве ў вёсцы Пестуніца Віцебскага раёну, паведамляе «Радыё Рацыя».

Паводле Юліі, калі па маці прыехалі міліцыянты, яна ня вельмі добра сябе адчувала і выклікала хуткую дапамогу. Ёй зрабілі ўкол ад падвышанага ціску, але супрацоўнікі аддзелу міліцыі Віцебскага раёну забралі яе нават у такім стане.

Юлія Ўласенка кажа, што міліцыянты паказалі фатаздымкі, на якіх Алена Янушкоўская стаіць на гаўбцы зь бел-чырвона-белым сьцягам. Алена Янушкоўская жыве ў прыватнай хаце, і гаўбца там няма. Дачка мяркуе, што маці могуць зьмясьціць за краты на сёньняшнюю ноч, каб ужо назаўтра судзіць за «несанкцыянаванае пікетаваньне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я прымушаю ўлады працаваць». Як жыве вясковая блогерка, якую 6 разоў аштрафавалі за сьнежаньскія пратэсты

Саму Юлію Ўласенку таксама будуць судзіць заўтра, 1 верасьня: яе вінавацяць за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 14 жніўня — у той дзень калёна зь некалькіх соцень жыхароў Віцебску прайшла па горадзе на знак пратэсту супраць міліцэйскага гвалту і фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Калі Алену Янушкоўскую сёньня не адпусьцяць, яе дачка ня зможа трапіць на ўласны суд, бо ёй няма з кім пакінуць дваіх непаўналетніх дзяцей, 3 і 11 гадоў.

23 жніўня Алену Янушкоўскую затрымлівалі ў яе дома. Складалі пратакол па ч.3 арт. 23.34 КаАП («парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах») і да суду скіравалі ў віцебскі ізалятар часовага ўтрыманьня. 25 жніўня суд пакараў актывістку штрафам 810 рублёў, пісала «Віцебская Вясна».