Затрымалі сябру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Лілію Ўласаву. У яе доме прайшоў ператрус

Лілія Ўласава

Удзень 31 жніўня затрымалі сябру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Лілію Ўласаву, напісаў у сваім тэлеграм-канале яе паплечнік Павал Латушка.

Затрыманьне, паводле яго, праводзілі супрацоўнікі дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю. Перад гэтым у яе доме прайшоў ператрус.

Затрыманьне адбылося напярэдадні паседжаньня пашыранага складу Каардынацыйнай рады, паведаміў Латушка.​

Ліліі Ўласавай 67 год. Яна кандыдат юрыдычных навук, заснавала ў 1990 годзе адну зь першых юрыдычных практык у Беларусі, якая цяпер называецца «Ўласава, Міхель і Партнэры». Яна заснавальніца мэдыяцыі (адна з тэхналёгій альтэрнатыўнага ўрэгуляваньня спрэчак, без адвакатаў і судоў) у Беларусі. Мае найвышэйшую прэмію Саюзу юрыстаў Беларусі ў намінацыі «За ўклад у разьвіцьцё мэдыяцыі». Партал «Ежедневник» уключаў Уласаву ў сьпіс 25 самых пасьпяховых і ўплывовых жанчын у гісторыі бізнэсу Беларусі.

Шасьцёх сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады ўжо дапыталі ў Сьледчым камітэце (Максім Знак, Сяргей Дылеўскі, Павал Латушка, Лілія Ўласава, Сьвятлана Алексіевіч, Марыя Калесьнікава).

Яшчэ дваім сябрам прэзыдыюму — Сяргею Дылеўскаму і Вользе Кавальковай — 25 жніўня прысудзілі па 10 дзён арышту за парушэньне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяброў Каардынацыйнай рады Кавалькову і Дылеўскага перавялі ў жодзінскую турму

Штаб Сьвятланы Ціханоўскай 15 жніўня пачаў фармаваць Каардынацыйную раду. Гэта пашыраная працоўная група прадстаўнікоў грамадзтва, якая мае абмеркаваць і выпрацаваць бясьпечныя і стабільныя мэханізмы забесьпячэньня пераходу ўлады.

Аляксандар Лукашэнка 18 жніўня назваў Каардынацыйную раду Ціханоўскай спробаю захопу ўлады, пасьля чаго Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу за заклікі да захопу ўлады.