Да стэлы «Менск — горад-герой» прыбылі ўзброеныя вайскоўцы 

Ачапленьне Палаца Незалежнасьці, 23 жніўня 2020 году.

Вайскоўцы ў чорных балаклавах і бяз знакаў адрозьненьня ставяць агароджу вакол стэлы і музэю Вялікай Айчыннай вайны. Яны ўзброеныя аўтаматамі.

Тыдзень таму падчас шматтысячнага маршу прыхільнікаў пераменаў гэтую тэрыторыю абгарадзілі калючым дротам і выставілі ачапленьне з амапаўцаў і ўзброеных салдатаў тэрміновай службы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Хрэнін прыгразіў, што пратэстоўцы «будуць мець справу з арміяй»

Як заявіў тады міністар абароны Віктар Хрэнін, кожны, хто замахнецца на гэтыя «сьвятыя мясьціны», будзе мець справу з арміяй. Удзельнікаў шэсьцяў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ён назваў «нашчадкамі» тых, хто прыслужваў гітлераўскім захопнікам.

У той жа дзень Аляксандар Лукашэнка зьявіўся перад камэрамі з аўтаматам Калашнікава. Узброены і экіпаваны быў і ягоны малодшы сын Мікалай.