Музычны экспэрт, прадусар, заснавальнік парталу «Тузін Гітоў», аўтар праграмы «Belsat Music Live» Сяргей Будкін распачынае новы праект «Тэлебудка».
Кім мы ёсьць і як тут жыць, іншая Беларусь вачыма сучасьнікаў — так апісвае ён сваю ідэю.
«У маіх праектах ажываюць расстраляныя пісьменьнікі. Першыя беларускія фільмы вяртаюцца на экран. А „Мумий Тролль“ і Андрэй Макарэвіч сьпяваюць па-беларуску. Цяпер новы праект, дзе я буду гутарыць зь людзьмі, якія напаўняюць нашу прастору сэнсамі.
Хто мы і навошта? Што мы робім з гэтай краінай і што яна робіць з намі? Будзем шукаць адказы разам!»
Госьцем дэбютнага выпуску «Тэлебудкі» стаў фронтмэн берасьцейскага гурту «Дай Дарогу!» Юры Стыльскі. Ён распавёў, як стаў лідэрам пасьлявыбарчых пратэстаў і пра сваё жыцьцё да затрыманьня і пасьля.