Пуцін лічыць, што «вагнэраўцаў» у Беларусі вялі ўкраінскія і амэрыканскія спэцслужбы 

Кадры затрыманьня баевікоў «ПВК Вагнэра» пад Менскам, «Беларусь 1»

Сытуацыя з затрыманьнем 33-х расейцаў у Беларусі была сумеснай акцыяй ўкраінскіх і амэрыканскіх спэцслужбаў, заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

«Відавочна, што гэта акцыя спэцслужбаў, — сказаў Пуцін у інтэрвію ВГТРК. — Людзей выкарыстоўвалі, каб перамясьціць на тэрыторыю Беларусі, паставіўшы перад імі зусім легальныя мэты. Яны мелі, як ім сказалі, выехаць у трэція краіны, у Лацінскую Амэрыку, на Блізкі Ўсход для легальнай працы. Насамрэч зацягнулі на тэрыторыю Беларусі і прадставілі ў якасьці магчымай ударнай сілы для разгойдваньня сытуацыі ў ходзе перадвыбарнай кампаніі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэйк або геніяльная апэрацыя? Ці вэрбавала СБУ байцоў «Вагнэра»

Ён растлумачыў, што гэтыя людзі былі вывезеныя з падробленымі дакумэнтамі.

«Апэрацыя гэтая ўкраінскіх спэцслужбаў сумесна з амэрыканскімі. Цяпер гэта дакладна вядома, — сказаў Пуцін. — Некаторыя ўдзельнікі гэтага працэсу або назіральнікі, людзі добра інфармаваныя, нават не хаваюць цяпер гэтага», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны назваў дэзынфармацыяй публікацыі пра спробу захапіць «вагнэраўцаў» празь Беларусь

29 ліпеня супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 «баевікоў замежнай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра», яшчэ адзін быў затрыманы ў Гомельскай вобласьці.

Спачатку Аляксандар Лукашэнка паабяцаў перадаць Украіне 28 баевікоў, датычных да канфлікту на Данбасе, але пасьля выбараў 9 жніўня ўсіх вярнулі ў Расею.