Дырэктара рэклямнага агенцтва Васілевіча, які нядаўна адбыў 14 дзён арышту, затрымалі

Аляксандар Васілевіч

Аляксандр Васілевіч, кіраўнік агенцтва Vondel/Hepta, затрыманы. Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку ягоная жонка Надзея Зелянкова. Сёньня ў офісах агенцтва прайшлі вобшукі.

Раніцай у офіс, які агенцтва Vondel/Hepta арандуе разам з рэдакцыяй інтэрнэт-выданьня КуКу, прыйшлі людзі з Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў.

У выніку частка прышлых зьехала разам з Аляксандрам Васілевічам — дырэктарам агенцтва. Раней ён адседзеў 14 сутак за тое, што прынёс у КДБ заяву з хадайніцтвам за прэтэндэнта на прэзыдэнта Віктара Бабарыку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уласьніка «Галерэі Ў» і яшчэ 7 затрыманых ля КДБ асудзілі на «суткі». Яны прапаноўвалі ўзяць Бабарыку на парукі

Пакуль супрацоўнікі ДФР не выяўлялі жаданьня сустрэцца з журналістамі рэдакцыі, абмежаваўшыся гутаркамі з супрацоўнікамі Vondel/Hepta. Таму журналісты просяць калегаў не акцэнтаваць тое, што ператрус адбыўся менавіта ў рэдакцыях Kyky і The Village.

Дарэчы, The Village акурат сёньня апублікаваў турэмныя ўспаміны Аляксандра Васілевіча.

Разам з тым да дырэктаркі онлайн-выданьня Kyky Аляксандры Раманавай супрацоўнікі ДФР прыходзілі дадому. Яе там не аказалася, сілавікі спрабуюць шукаць яе праз тэлефон.