Польская «Салідарнасьць» сабрала для беларусаў мільён злотых і адправіць гуманітарную дапамогу

Ілюстрацыйнае фота. Грузавікі з польскай гуманітарнай дапамогай для Беларусі у сувязі з каранавірусам. 4 чэрвеня 2020 году

Польскі незалежны прафсаюз «Салідарнасьць» 26 жніўня адправіць у Беларусь гуманітарную дапамогу ў выглядзе некалькіх дзясяткаў тон харчовых прадуктаў, «што можа спатрэбіцца на працоўных месцах падчас забастоўкі», паведаміў старшыня прафсаюзу Пётар Дуда, піша польскае выданьне Wiadomości.

Таксама ў Польшчы стварылі фонд «Салідарнасьць зь Беларусьсю», у які прафсаюз «Салідарнасьць» унёс 1 мільён злотых (больш за 700 тысяч беларускіх рублёў).

25 жніўня старшыня прафсаюзу Пётар Дуда выступіў са «Зваротам да Беларусі» і склікаў канфэрэнцыю па дзейнасьці прафсаюзу ў падтрымку беларусаў у барацьбе за свабоду і грамадзянскія правы.

«Мы назіраем за разьвіцьцём падзей у Беларусі пасьля фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў зь вялікай заклапочанасьцю і непакоем. Аляксандар Лукашэнка абраў шлях жорсткага супрацьстаяньня і жорсткага ўціхамірваньня беларусаў, якія дэманстравалі сваю апазыцыю. Улада ўдзельнічае ў барбарскім гвалце і жорсткіх зьверствах, якія ня маюць ніякага рацыянальнага апраўданьня, акрамя адчайнай абароны дыктатуры», — напісаў Пётар Дуда ў звароце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Месячны плян ужо сарваны». Што адбываецца на «Беларуськаліі» праз тыдзень пасьля пачатку страйку

Ён падкрэсьліў, што для «Салідарнасьці» гэта асаблівы момант, таму што 40 гадоў таму дапамога была патрэбная палякам, а цяпер падтрымка патрэбная беларусам. Ён дадаў, што ў Беларусі «менавіта прафсаюзных актывістаў, рабочых звальняюць і адпраўляюць у турмы, таму што яны знаходзяцца ў авангардзе забастовак супраць фальсыфікаваных выбараў».

«Прафсаюз „Салідарнасьць“ абавязаны падтрымліваць адзіны ў Беларусі свабодны прафсаюз, а менавіта Беларускі кангрэс свабодных дэмакратычных прафсаюзаў зь ягоным старшынём Аляксандрам Ярашуком. Мы супрацоўнічаем зь ім шмат гадоў. Іншыя прафсаюзы ў Беларусі зьвязаныя з рэжымам», — сказаў Дуда.

Дуда таксама заклікаў іншыя польскія прафсаюзы і ўсе палітычныя партыі далучыцца да «Салідарнасьці» і дапамагчы Беларусі, «падтрымаць беларускія сем’і, якія страцяць кармільца з прычыны арышту або звальненьня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Токар МТЗ, які страйкаваў з 14 жніўня, мусіў уцячы за мяжу ад перасьледу