«Напружылі эканамічную абстаноўку хаджэньні па вуліцах». Лукашэнка назваў вінаватых у крызісе 

Сваіх прыхільнікаў у эканамічным спадзе Лукашэнка не вінаваціць

Аляксандар Лукашэнка сьпісаў эканамічны спад на «зьнешні псыхоз» у выглядзе каранавірусу і хаджэньні апанэнтаў па вуліцах.

Сваіх прыхільнікаў у эканамічным спадзе Лукашэнка не вінаваціць, хоць тыя часта прыходзяць на мітынгі ў працоўны час і арганізавана выказваюць падтрымку дзейнай уладзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чыноўнікам загадалі напужаць, вось яны гэта і робяць». Экспэрты пра эканамічныя страты Беларусі

«Вядома, час няпросты. Мы вельмі вялікія грошы кінулі на лячэньне людзей ад каранавірусу. Плюс яшчэ напружылі эканамічную абстаноўку гэтыя хаджэньні па вуліцах, так званыя акцыі, мітынгі — ніхто ж грошы ня лічыць. Мы ўжо бачым стратаў на 500 мільёнаў, а колькі будзе ўскосных стратаў — пытаньне», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Аляксандар Лукашэнка пацікавіўся ў падначаленых, які прагназуецца дэфіцыт бюджэту ў сувязі з эканамічным спадам ня толькі ў Беларусі, а і ў партнэраў. У 2020 годзе Беларусь павінна накіраваць на абслугоўваньне дзяржаўнага доўгу амаль 3 мільярды рублёў і яшчэ 6 мільярдаў — на пагашэньне асноўнага доўгу. Больш за 85% выдаткаў зьвязаныя з выплатамі Расеі, Кітаю і Эўразійскаму фонду стабілізацыі і разьвіцьця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крах ІТ-краіны Лукашэнкі і палітэканомія беларускай рэвалюцыі

Урад Беларусі ўжо ініцыяваў перамоўны працэс з замежнымі крэдыторамі аб прыцягненьні 3 мільярдаў даляраў.