Звольнілі супрацоўніка МЗС, які выйшаў на пікет, каб выказаць нязгоду з гвалтам міліцыі ў Беларусі

Вячаслаў Казачонак і Алена Копанева

Супрацоўніка цэнтральнага апарату, начальніка гісторыка-архіўнага аддзяленьня МЗС Вячаслава Казачонка, які выйшаў тыдзень таму на пікет, звольнілі з замежнапалітычнага ведамства. Пра гэта ён сам расказаў Tut.by.

Звольнілі Вячаслава Казачонка па артыкуле 42 Працоўнага кодэксу «ў сувязі з грубым парушэньнем сваіх працоўных абавязкаў».

Як стала вядома TUT.BY ад сваіх крыніц, намесьнік начальніка ўпраўленьня эўразійскай інтэграцыі Алена Копанева, якая выйшла падтрымаць Казачонка на пікеце, таксама больш не працуе ў МЗС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ двое супрацоўнікаў МЗС Беларусі выступілі супраць гвалту і катаваньняў, ад якіх цярпяць затрыманыя на пратэстах

Вячаслаў Казачонак 17 жніўня выйшаў на адзіночны пікет на прыступкі будынку МЗС. Да яго далучылася намесьніца начальніка ўпраўленьня эўразійскай інтэграцыі Алена Копанева. Пікетам зь белымі пустымі лістамі ў руках супрацоўнікі МЗС хацелі «выказаць сваю прынцыповую пазыцыю» па сытуацыі ў Беларусі. Вячаслаў Казачонак прызнаўся, што праз тое, што адбываецца, яму страшна за будучыню, жыцьцё людзей, сваё жыцьцё.

Пра намер выйсьці на пікет Вячаслаў Казачонак папярэдзіў калегаў у МЗС, і за гадзіну да пікету кіраўнік міністэрства Ўладзімер Макей сабраў супрацоўнікаў на размову, нагадаў, што супрацоўнікі МЗС «давалі прысягу дзяржаве», і, з словаў Казачонка, намякнуў, што калі хтосьці ня згодны з палітыкай дзяржавы, ён павінен напісаць заяву.