Беларусь парушыла паветраную прастору Літвы, перасьледуючы балёнікі

«Ланцуг салідарнасьці» зь Беларусьсю ў Літве

24 жніўня літоўскае МЗС уручыла амбасадару Беларусі ноту пратэсту супраць парушэньня дзяржаўнай мяжы Літвы, паведамляе МЗС краіны.

У МЗС Літвы паведамілі, што беларускі гелікоптэр Мі-24 23 жніўня ў 18:50 перасек літоўскую дзяржаўную мяжу ў раёне вёскі Мядзінінкай. У ноце Менск заклікаюць да тлумачэньня і недапушчэньня падобных парушэньняў.

Крыху раней Міністэрства абароны Беларусі заяўляла, што зь літоўскага боку ў Беларусь запусьцілі паветраныя балёнікі з «антыдзяржаўнай сымболікай», якія былі «спыненыя з дапамогай верталётаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны спыніла парушальнікаў паветранай прасторы Беларусі. Імі былі паветраныя балёнікі

Як паведамілі пазьней у Мінабароны, кіраўніцтва Дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва правяло сустрэчу з аташэ ў пытаньнях абароны пры амбасадзе Літвы ў Беларусі і выказала пратэст у сувязі з парушэньнем дзяржаўнай мяжы Беларусі.

Што да заявы МЗС Літвы, Мінабароны сьцьвярджае, што «Ўзброеныя Сілы валодаюць доказамі, атрыманымі з дапамогай сродкаў аб'ектыўнага кантролю, аб выкананьні задач нашай авіяцыяй выключна ў паветранай прасторы Беларусі» і спадзяецца, што заява пра «нібыта парушэньні паветранай прасторы Літвы верталётам беларускіх ВПС будзе мець доказную базу без прывязкі да палітычных пытаньняў».