БПЦ адмежавалася ад словаў горадзенскага архіяпіскапа пра беззаконьне ў Беларусі

Япіскап Горадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі (Кішчанка)

Менская мітраполія Беларускай праваслаўнай царквы адмежавалася ад казані архіяпіскапа Горадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія (Кішчанкі), які заявіў пра беззаконьне прадстаўнікоў сілавых ведамстваў Беларусі.

«Любыя заявы ў сувязі зь цяперашняй няпростай сытуацыяй у Рэспубліцы Беларусі, зробленыя асобнымі прадстаўнікамі Беларускай Праваслаўнай Царквы, зьяўляюцца формай выказваньня іх асабістай грамадзянскай пазыцыі і адлюстроўваюць выключна асабісты погляд заяўнікаў на тое, што адбываецца», — гаворыцца ў паведамленьні, разьмешчаным на сайце БПЦ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Архіяпіскап горадзенскі — настаўнікам: «Вам на каленях трэба стаяць за ўсе фальсыфікацыі, за тую хлусьню, якую вы пхалі нашым дзецям»

Арцемі выступіў з казаньню 16 жніўня. Ён сказаў, што царква не займаецца палітыкай, але «чыніцца беззаконьне». «Нашы людзі ператварыліся ў зьвяроў і разьдзіраюць сваіх жа братоў», — сказаў Арцемі. «Таму ў гэтым пасланьні мы кажам: Спыніцеся! Вы паступаеце не паводле Эвангельля! Вы паднялі руку на Хрыста і вам ня будзе прабачэньня! І справа ваша ніколі ня ўстоіць!»