«Даніловіч хлусіць». Гісторыкі адказалі кіраўніку Інстытуту гісторыі наконт сьцяга

Ілюстрацыйнае фота

Больш за 20 гісторыкаў адказалі дырэктару Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вячаславу Даніловічу, які 20 жніўня ў эфіры БТ выступіў у якасьці экспэрта па бел-чырвона-белым сьцягу.

У гэтым выступе кандыдат гістарычных навук прапанаваў «задумацца» над сымболікай бел-чырвона-белага сьцяга і асудзіў беларускую грамадзянскую супольнасьць за яго выкарыстаньне ў пратэстах. У якасьці аргумэнта была агучаная тэза пра ўжываньне гэтага сьцяга беларускімі калябарантамі ў часы нямецкай акупацыі.

Прыводзім далей зварот цалкам:

«Між тым добра вядома (і ня толькі гісторыкам), што бел-чырвона-белы сьцяг здаўна прысутны ў беларускай гісторыі і зьяўляецца непадважальнай нацыянальнай і гістарычнай каштоўнасьцю беларускага народу.

Нацыянальныя сьцягі падчас Другой сусьветнай вайны ўжываліся калябарантамі ўсіх краінаў, акупаваных гітлераўскай Нямеччынай. У тым ліку расейскімі — пад афіцыйным сымбалем сучаснай Расеі, бела-сіне-чырвоным сьцягам, на баку Гітлера ваявалі сотні тысяч расейцаў.

Выкарыстаньне нацыянальнага сьцяга якімі-небудзь варожымі сіламі не прыводзіць да ягонай дэвальвацыі. Бел-чырвона-белы сьцяг, пад якім у жніўні 2020 г. праходзіць мірная беларуская рэвалюцыя, ня можа быць скампрамэтаваны нават тым, што пад ім прымаў прысягу першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь — сёньняшні дыктатар Аляксандар Лукашэнка.

У вырашальны момант гісторыі краіны кожны грамадзянін вымушаны выбіраць — на чыім баку яму стаць. Спадар Вячаслаў Даніловіч выбраў бок антыбеларускай дыктатуры і выкарыстаў у яе абарону сваю афіцыйную пазыцыю дырэктара акадэмічнай установы.

Гэты антынавуковы і антымаральны чын паставіў яго па-за межамі ня толькі беларускай грамадзянскай, але і навуковай супольнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі перакрылі вуліцу Савецкую, на плошчу Леніна гоняць трактары і камбайны

Аўтары звароту просяць далучацца да яго іншых гісторыкаў. Ліст да гэтай пары падпісалі:

— Аляксандар Краўцэвіч, доктар гістарычных навук (Горадня)
— Аляксандар Смалянчук, доктар гістарычных навук (Горадня)
— Генадзь Сагановіч, доктар габілітаваны (Менск)
— Алег Яноўскі, доктар гістарычных навук (Менск)
— Сьвятлана Марозава, доктар гістарычных навук (Горадня)
— Тадэвуш Гавін, доктар габілітаваны (Горадня)
— Ганна Энгелькінг, доктар габілітаваны (Варшава)
— Юры Гардзееў, доктар габілітаваны (Кракаў)
— Ольга Кавалеўская, доктар гістарычных навук (Кіеў)
— Dr Русьціс Камунтавічус (Коўна)
— Андрэй Янушкевіч, кандыдат гістарычных навук (Менск)
— Уладзімер Ляхоўскі, кандыдат гістарычных навук (Менск)
— Аляксандар Пашкевіч, кандыдат гістарычных навук (Менск)
— Ірына Кашталян, PhD (Менск)
— Валянціна Мятліцкая (Лебедзева) (Гомель)
— Тацяна Касатая, PhD (Горадня)
— Алена Кандрацюк, кандыдат гістарычных навук (Кіеў)
— Ольга Зубко, кандыдат гістарычных навук (Віньніца)
— Анатоль Вялікі, кандыдат гістарычных навук (Менск)
— Андрэй Кіштымаў, кандыдат гістарычных навук (Менск)
— Іна Соркіна, кандыдат гістарычных навук (Горадня)
— Аляксандар Пагарэлы, магістар гісторыі (Горадня)
— Аляксандар Пятухоў, магістар гістарычных навук (Магілёў)
— Марат Гаравы, краязнаўца (Кобрын)