Міліцыянты спынілі сьпевы ля філярмоніі ў Менску

Minsk, philharmonic hall, action of solidarity, August 20, 2020

Супрацоўнікі міліцыі сарвалі «Сьпеўны сход» каля філярмоніі ў Менску, на які сабраліся каля дзьвюх соцень чалавек.

Артысты, якія стаялі на прыступках філярмоніі, прасьпявалі «Пагоню» пад акампанэмэнт музыкаў, потым разам з прысутнымі некалькі разоў выгукнулі «Жыве Беларусь!».

Людзі ўздымалі знак вікторыі, некаторыя трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі. Аднак гімн «Магутны Божа» дасьпяваць да канца не дазволілі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і ў форме, якія ў мэгафон пачалі папярэджваць, каб людзі разыходзіліся і іх дзеяньні незаконныя. Людзі ў адказ пачалі скандаваць: «Сыходзь!».

Сьпеўны сход ля філярмоніі, 20 жніўня.

Артысты, сьпяваючы, сышлі з прыступак за будынак філярмоніі, прысутныя адышлі ў бок праспэкту. Яны сказалі міліцыянтам, што заўтра зноў прыйдуць сюды сьпяваць.

Раней каля тэатру імя Купалы ўдзельнікаў «Сьпеўнага сходу» не разганялі, супрацоўнікі міліцыі туды не прыяжджалі, людзі пасьпявалі і паехалі да філярмоніі.

Пазыцыя МУС

У чым незаконнасьць сьпеваў каля філярмоніі? З гэтым пытаньнем карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да афіцыйнай прадстаўніцы МУС Вольгі Чамаданавай.

«Каб людзі не парушалі парадак, іх папярэджваюць, таму супрацоўнікі міліцыі выйшлі і ім аб’явілі: „Паважаныя грамадзяне, не парушайце грамадзкі парадак, просьба разысьціся“. Гэта законнае патрабаваньне супрацоўнікаў міліцыі, — сказала Вольга Чамаданава. — Калі гэтае мерапрыемства было масавым у парушэньне закону аб масавых мерапрыемствах, у гэтым выпадку супрацоўнікі міліцыі папярэджваюць грамадзян пра тое, што яны павінны разысьціся і не парушаць дзейнае заканадаўства».

Менск, філярмонія, акцыя салідарнасьці, 20 жніўня 2020 году.