Супрацоўнікаў БТ, якія страйкуюць, замянілі супрацоўнікамі Russia Today

Акцыя пратэсту ля будынку Белтэлерадыёкампаніі, Менск, 17 жніўня 2020 г.

Супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі, якія падтрымалі пратэстоўцаў, не пускаюць у будынак на Макаёнка, 9.

Паводле дасьведчанай крыніцы Свабоды, у студыі і ў апаратныя прыходзілі ўжо расейскія спэцыялісты — рэжысэры, тэхнічны пэрсанал, апэратары. Ім паказвалі, як працуе абсталяваньне.

Гэта былыя і цяперашнія супрацоўнікі расейскага міжнароднага шматмоўнага каналу Russia Today і фрылянсэры.

Мінакоў на падыходзе да БТ спыняюць чатыры пасты з міліцыянтамі, якія стаяць з абодвух бакоў. Міліцыянты прапускаюць далей толькі тых, хто мае пасьведчаньне супрацоўніка БТ. Іншым прапануюць ісьці ў абыход. Карэспандэнта Свабоды таксама не прапусьцілі. Перад Белтэлерадыёкампаніяй нікога не відаць.

Супрацоўніца БТ Дар’я Вайтовіч паведаміла Свабодзе, што ў яе забралі пропуск у будынак кампаніі, як і ў некаторых іншых іншых, хто далучыўся да страйку і пратэсту.

«У аховы зьявіліся сьпісы ўдзельнікаў страйку, і яна забірае пропускі, цяпер нас нават блізка не пускаюць да будынку на Макаёнка, 9».