Страйк на «Беларуськаліі». Стрым Свабоды з Салігорску

На мітынгу шахцёраў у Салігорску 19 жніўня

ААТ «Беларуськалій», у штаце якога каля 15 тысяч супрацоўнікаў, — адзінае буйное прадпрыемства Беларусі, дзе спыненая вытворчасьць. Як раней паведамляла Свабода, цяпер рабочыя не здабываюць руду і рыхтуюцца да поўнага бясьпечнага безаварыйнага спыненьня вытворчасьці. Раніцай 19 жніўня рабочыя зьбіраюцца на цэнтральнай плошчы Салігорску.

«Горназдабыўное прадпрыемства немагчыма спыніць рубільнікам, — тлумачыў БелаПАН 18 жніўня старшыня першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў „Беларуськалію“ Юры Захараў. — Гэта як у ліцейцы — нельга выключыць печ, бо застыне мэтал. Так і ў нас. Каб спыніць забой і шахты, трэба правесьці шэраг захадаў. Трэба скончыць цыклы, дагнаць канвэеры, замацаваць забой. Для гэтага трэба час. Трэба яшчэ прыкладна каля содняў».

На «Беларуськаліі» стварылі страйкавы камітэт. Паводле прэс-аташэ камітэту Глеба Сандраса, з прычыны страйку прадпрыемства можа панесьці істотныя страты. «Але людзі цяпер менш за ўсё думаюць пра грошы, — дадаў ён. — З кім я ні размаўляў, кажуць, што думаюць пра гэта ў апошнюю чаргу. Калі ў нас цяпер адбяруць свабоду, то ніякія грошы ўжо ня будуць патрэбныя. У іх ёсьць зброя — у нас ёсьць ідэя. А ідэі куля ня страшная, ідэю забіць немагчыма».

Астатнія буйныя прадпрыемствы краіны пакуль вырашаюць пытаньне аб сваім фармаце ўдзелу ў страйку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая сьмерць. Страйк на Беларуськаліі. АМАП каля МТЗ. Што адбываецца на 11-ы дзень пратэстаў