У Менску адбыўся найбольшы мітынг у гісторыі Беларусі. ФОТА

«Марш свабоды» ў Менску 16 жніўня 2020 году

Каля стэлы «Менск — горад-герой» сабраліся больш за сто тысяч чалавек. Прыхільнікі пераменаў занялі ўсю тэрыторыю каля стэлы, ля музэю Вялікай айчыннай вайны, на прылеглых вуліцах, праспэкце Пераможцаў і ў парках, але людзі не выходзілі на праезную частку.

Паводле розных падлікаў, на вуліцы Менску выйшла да паўмільёна прыхільнікаў пераменаў. Раніцай на плошчы Незалежнасьці адбыўся мітынг у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, на якім выступіў ён сам.

У гэтым месцы былі першыя сутычкі з АМАПам 9 жніўня.

Усе прылеглыя вуліцы, праспэкты і паркі занятыя людзьмі з плякатамі і сьцягамі. Людзі крычаць: «Сыходзь!» «Трыбунал!», «Жыве Беларусь!».

Атмасфэра радасная, людзі не чакалі, што іх прыйдзе так шмат. Міліцыі і ўнутраных войскаў няма ні на вуліцах, ні ў дварах.

Людзі ў размове з карэспандэнтам Свабоды кажуць, што хочуць новых выбараў і суду на тымі, хто зьбіваў і забіваў людзей на акцыях пратэсту, патрабуюць сыходу Лукашэнкі ў адстаўку, заяўляюць аб яго «хамскім стаўленьні». Спадзяюцца,што заўтра пратэст падтрымаюць заводы.

Пасьля стэлы калёна рушыла па перакрытым праспэкце Пераможцаў да плошчы Незалежнасьці і Дому Ўраду.

Дзясяткі тысяч прыхільнікаў перамен сабраліся на сталічнай плошчы Незалежнасьці.

Асобнай групай прыйшлі былыя дэсантнікі з транспарантам «ПДВ з народам». Іх віталі захопленымі воклічамі «Малайцы!».

На помніку Леніну зьявіліся розныя плякаты, у тым ліку «Ціханоўская наш прэзыдэнт». Людзі скандуюць: «Трыбунал!», «Сыходзь!», «Звольнены!», «Свабоду палітвязьням!».