«Я пакуль жывы і не за мяжой». Лукашэнка папярэдзіў, што страйкі нэгатыўна паўплываюць на эканоміку краіны

Пратэст супрацоўнікаў «Гродна Азот»

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка перакананы, што цяпер наўмысна спрабуюць «разгойдваць» дзяржаўныя прадпрыемствы.

Выбары – 2020. 6-ы дзень пратэстаў. Выпускаюць затрыманых. Бастуюць заводы. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА, адкрываючы 14 жніўня нараду аб актуальных пытаньнях функцыянаваньня будаўнічай галіны, Лукашэнка заявіў:

«Для пачатку: я пакуль жывы і не за мяжой, як тут некаторыя нашы паважаныя „сьвядомыя“ раскручваюць... Сёньня 14 жніўня, мы з вамі сустракаемся для таго, каб абмеркаваць працу будаўнічай галіны».

Рэагуючы на папярэджаньні некалькіх буйных прадпрыемстваў аб магчымым страйку, Лукашэнка сказаў:

«Калі мы спынімся, ніколі не раскруцім сваю вытворчасьць. Ніколі! Нас яшчэ ў гэтае балота і падштурхнуць. Людзям трэба гэта растлумачыць: хочаце — страйкуйце, хочаце працаваць — працуйце».

«Наша пазыцыя адназначная: мы ў цяжкія часы пандэміі нікога не нахілялі, не прымушалі. І тут таксама мы нікога не павінны трымаць. Калі людзі хочуць працаваць — калі ласка. Вось праца, прыходзьце, працуйце. Калі чалавек ня хоча працаваць, мы ж яго на аркане не зацягнем».