Затрыманых пратэстоўцаў вывозілі з Наваполацку і Полацку, бо не было дзе іх трымаць

Комплекс «Нафтан-Палімір» у Наваполацку

Два дні запар у Наваполацку і Полацку ідуць акцыі пратэсту. Вось што расказаў Радыё Свабода адзін са сьведкаў разгону ўвечары 10 жніўня.

— Акцыі былі мірныя, выходзіла ня толькі моладзь, але і старэйшыя людзі, нават людзі зь дзецьмі, але супраць людзей ужылі сьвятлашумавыя гранаты.

АМАП перакрыў цэнтральную плошчу і пачаў выцясьняць людзей з навакольлья. Пратэстоўцы нічога ня кідалі ў ампаўцаў, але тыя некалькі разоў пачыналі кідаць сьвятлашумавыя гранаты ў людзей.

Было два аўтобусы людзей у спэцыяльным экіпаваньні, некалькі мікрааўтобусаў зь людзьмі ў чорным і людзьмі ў цывільным. Затрыманыя дзясяткі людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэпрэсіі нацэленыя на рабочых». Прафсаюзны лідэр пра «перадстрайкавую» сытуацыю ў Наваполацку 

Іншы мясцовы жыхар расказаў, што ў горадзе ўвечары 10 жніўня былі затрыманыя каля 50 чалавек — некаторых завезьлі ў навакольныя раённыя цэнтры, бо ў Полацку не было дзе іх трымаць.

— Малалетак і дзяўчат адпусьцілі, а старэйшых пакінулі да суду. Трэба разумець, што яны б’юць дзяцей работнікаў наваполацкага «Нафтану». У людзей ужо назьбірваецца незадаволенасьць — некаторыя пытаюць ужо, як зладзіць страйк. Наш народ законапаслухмяны, дык людзі хочуць рабіць паводле закону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафкам жлобінскага БМЗ зьвярнуўся да праўладнай фэдэрацыі прафсаюзаў. На заводзе пакуль не страйкуюць