Максім Вінярскі восьмы дзень трымае сухую галадоўку на Акрэсьціна, — сястра актывіста

Максім Вінярскі, архіўнае фота

Актывіст Максім Вінярскі, які адбывае адміністрацыйны арышт у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна, ужо восьмы дзень трымае сухую галадоўку. Пра гэта Tut.by паведаміла яго сястра Алена Церашкова.

Паводле Алены, Максім Вінярскі адмовіўся ад вады і ежы на знак пратэсту супраць чарговага тэрміну адміністрацыйнага арышту.

«Учора званіў чалавек, якога адпусьцілі зь ЦІП. Сказаў, што Максім па-ранейшаму галадае. Практычна ўсіх затрыманых вывезьлі ў Жодзіна, але Максіма пакінулі на Акрэсьціна. У яго высокі ціск, ён пачуваецца кепска, але галадаць працягвае», — распавяла сястра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вывелі ў дворык і паставілі «на расьцяжку». Чаму вязьні Акрэсьціна ня могуць паскардзіцца на ўмовы ўтрыманьня?

Паводле яе, Максім Вінярскі атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту яшчэ ў траўні за ўдзел у несанкцыянавай акцыі. Потым, падчас адбыцьця пакараньня, — яшчэ столькі ж. З прычыны галадоўкі, якую Вінярскі абвясьціў у мінулы раз, увесь тэрмін арышту ён не адбыў. Тыдзень таму яго забралі на Акрэсьціна адбываць астатні тэрмін, там ён зноў абвясьціў галадоўку.

Як распавяла сястра Алена, 10 жніўня прайшоў чарговы суд на Вінярскім, яго асудзілі яшчэ 13 на сутак адміністрацыйнага арышту.

Зьвязацца з афіцыйным прадстаўніком ГУУС Менгарвыканкаму, каб пацьвердзіць або абвергнуць гэтую інфармацыю, Tut.by не ўдалося.