Начны пратэст у Менску. ШМАТ ФОТА

Вечарам 9 жніўня, пасьля заканчэньня галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах, каля стэлы «Менск — горад-герой» сабраліся групы людзей, каб выказаць сваё незадавальненьне несумленнай, на іх думку, выбарчай кампаніяй. Іх сустрэлі праваахоўнікі, якія спрабавалі разагнаць пратэст, ужывалі розныя спэцсродкі.

Агульную колькасьць пратэстоўцаў цяжка ацаніць — яны не былі цэнтралізаваныя, былі расьсеянымі па розных месцах. Ад раніцы 9 жніўня, у тым ліку падчас пратэстаў, практычна адсутнічаў доступ да сацыяльных сетак і мэсэнджараў, былі праблемы з доступам да інтэрнэту на вуліцах.

А 2-й гадзіне ночы 10 жніўня прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных справаў Вольга Чамаданава паведаміла Свабодзе, што несанкцыянаваныя акцыі «яшчэ ня скончаныя», таму падлічыць затрыманых яна яшчэ ня можа. Зарыманьні сапраўды працягнуліся і пасьля таго.